Вы тут
Бабруйск Мінулае 

#1 “Привьтъ изъ Бобруйска”

Паштоўкі пачатку ХХ стагодзя даюць унікальную магчымасць убачыць дамы і вуліцы такімі, якімі яны былі раней


Крыху літар, каб зрабіць ўводзіны ў тэму: У 1869 годзе ў Вене доктар Эмануэль Герман (Emanuel Herrmann) надрукаваў даследаванне, прысвечанае аўстрыйскай паштовай справе ў якім выказаў думку, што большасць лістоў складаецца з кароткай штодзённай інфармацыі і не маюць таямніцы, таму для перапіскі няма неабходнасці выкарыстоўваць паштовую паперу і канверты, значна зручней простыя бланкі (ён назваў іх “паштовымі карткамі”).

Такім чынам, 1 кастрычніка 1869 года ў Аўстра-Венгрыі была ўведзена паштоўка з надрукаванай на ёй маркай. Яна мела два бакі: для адрэсы і для паведамлення. Якіх-небудзь малюнкаў не было, за выключэннем двухгаловага аўстра-вугорскага арла на адрасным баку паштоўкі. Першапачаткова паштоўкі можна было адсылаць толькі ў межах сваіх краін. З 1875 года пачаў фармавацца сусветны паштовы саюз, які дазволіў адпраўляць паштоўкі ў замежжа.

Першыя паштоўкі з выявамі, Бабруйска з’яўляюцца ў другой палове першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя. Сёння яны прадстаўляюць не толькі гістарычную, але і мастацка-эстэтычную каштоўнасць. Бо зроблены ў раннім узросце развіцця фатаграфіі, як мастацтва. Чалавек, што стаяў па той бок ад аб’ектыва імкнуўся захаваць адметнасці Бабруйска дарэвалюцыйнага часу. Паказаць нешта важнае і значне.

На прасторах Інтэрнэту можна знайсці каля паўсотні паштовак з відамі дарэвалюцыйнага Бабруйска. У большасці сваёй гэта здымкі нізкай якасці. Аўтары, што выстаўляюць гэтыя здымкі, як правіла не закранаюць гістарычны кантэкст.

Сярод вытворцаў паштовак найбольш папулярным аб’ектам нашага горада была вуліца Муравьёвская (цяпер Сацыялістычная), асабліва частка паміж Паліцэйскай – Сталыпінскай (Карла Лібкнехта) і Дзяржынскага (1-я Слуцкая). Гэта быў цэнтр дзелавога і гандлёвага жыцця. Тут знаходзіліся дамы заможных бабруйчан, крамы, банкі, навучальныя ўстановы.

Ёсць здымкі дзе без цяжкасці можна пазнаць месца (прывязаць стары фотаздымак да сучаснасці). Добрым прыкладам можа служыць паштоўка: “65 Бобруйскъ. Муравьевская ул. V.”

Тут усё зразумела.

Змяніліся шыльды, знікла брамка, стала менш труб. Хоць і адбыліся змены ў фасадзе будынка, але можна смела сцвярджаць, што двухпавярховы дом – гэта “Сацыялістычная, 69”.

Скан паштоўкі: “Бобруйскъ. Муравьевская осенью” я знайшоў на адным з еўрапейскіх аўкцыёнаў.

Дарэчы, вось зваротны бок паштоўкі

Калі верыць расійскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС, здымак зроблены 15 верасня 1908 года. Аўтар здымка не пазначаны. Бачым, што тагачасная Мураўёўская мела даволі непрывабны выгляд, перад крамамі “Оборотъ” і “Табак” – вялікая лужа з якой п’е ваду свіння (ці вялікі сабака?).

Як выглядае гэтае месца зараз?
У бабруйскай газеце “Камуніст” за 1957 годз ёсць наступная ілюстрацыя на тэму: “Што было і што стала”.

Натуральна, здымак размешчаных справа павінен быў станоўча ілюстраваць дасягненні савецкай улады. Ва ўсякім выпадку на змену свінням (ці ўсё ж сабакам) прыйшлі аўтамабілі. Але пытанне: Ці тое гэта месца?

Калі давяраць рэдактару, які мог дакладна памятаць (прайшло крыху больш за 50 гадоў) месцазнаходжанне крамы “Оборотъ” ў пачатку ХХ стагоддзя, то гэта вугал сучасных Сацыялістычнай і Карла Маркса, зараз у будынку крамы “Оборотъ” размешчана крама “Квартал”. Аднак, у гэтай версіі ёсць пэўныя нестыкоўкі. Калі ўважліва параўноваць здымкі, то не цяжка заўважыць неадпаведнасць дэкора фасада і контура перыметра будынка.

Ёсць і другі варыянт. На фрагменце здымку ад 3 траўня 1918 года мы бачым урачыстае шэсце частак 1-га Польскага корпуса. Фотаздымак досыць рэзкі і на ім добра ідэнтыфікуецца будынак, дзе ў цяперашні час размешчана кафэ “Лакомка” і кнігарня “Сказ”.

1918 год

2016 год

На здымку 1918 года ў пачатку наступнага квартала (калі ісці ўверх па Сацыялістычнай) размешчаны будынак з шыльдай “Оборотъ”

Вось, як гэта выглядае ў перспектыве вуліцы.

Такім чынам, гэта скрыжаванне Сацыялістычнай і Камсамольскай (Адамаўскай). Да 1918 годзе была знесена драўляная крама “Табак”, а яе месцы пабудаваны двухпавярховы каменны будынак. Дом дзе знаходзілася крама “Обороть” знік у міжваенны перыяд (бо на нямецкіх аэра-фотаздымках яго ўжо няма).

І толькі дзякуючы невядомаму фатографу захавалася памяць!

Аляксандр Чыгір

Ваша меркаваньне

Scroll Up