Вы тут
Асоба Бабруйск 

Бабруйчанін Уладзімір Румянцаў: «Патрыётам Беларусі мяне зрабіў бацька-расеец»

Што такое дзедаўшчына і ці змяняецца беларускае войска? Як быць патрыётам, маючы рускае паходжанне і дыплом Вышэйшага каманднага вучылішчы ў Маскве? «Новы час» працягвае серыю «непалітычных» размоваў з фігурантамі «Справы патрыётаў».

Уладзімір Румянцаў

Лёс 28-гадовага Уладзіміра Румянцава вельмі шчыльна звязаны з войскам, якому хлопец аддаў 10 гадоў свайго жыцця. Пры гэтым выдатны жаўнер і камандзір у пэўны момант трапіў у пастку сістэмы: быў абвінавачаны фактычна ў… выкананні статутных абавязкаў!

Пасля арыштаў і пачатку гісторыі са «Справай патрыётаў» ягонае жыццё радыкальна змянілася: сёння Румянцаў памяняў камуфляж на цывільную вопратку, а замест аўтамата трымае ў руках кампутарную мышку — засвойвае мову праграмавання.

Ад «Патрыёта» да вайсковай вучэльні ў Маскве

— Большую частку свайго свядомага жыцця ты звязаў з войскам, чаму?

— Я б не сказаў, што з дзяцінства марыў акурат пра вайсковую кар’еру, пры гэтым з дзяцінства мяне цікавілі ўсходнія адзінаборствы, халодная зброя… Бацька такія зацікаўленасці падтрымліваў, таму некалі запісаў у секцыю па каратэ. Яшчэ школьнікам я займаўся ў клубе «Патрыёт» у Бабруйску. На той момант прыйшло разуменне, што мой імпэт трэба неяк рэалізоўваць. У дадатак, я такі чалавек, што буду займацца адно тым, да чаго душа ляжыць, аднак аддавацца гэтаму цалкам.

— Твой бацька — вайсковец?

— Не, але наўпрост падтрымліваў мае зацікаўленні. Ён лі­чыць, што калі нешта падабаецца — трэба гэтым займацца, нягледзячы ні на што, нават калі цяжка: стаў перад сабой мэты і дасягай!

— Як пачалася твая вайсковая кар’ера?

— Як і для большасці юнакоў, усё пачалося з прызыву ў войска. Перад гэтым я спрабаваў паступіць у Вайсковую акадэмію Беларусі двойчы, але не паступіў. Пасля тэрміновай службы, я здаў іспыты і паступіў у Вышэйшае каманднае вучылішча ў Маскве, якое рыхтуе спецыялістаў па профілі «ўжыванне мотастралковых падраздзяленняў». Скончыў з чырвоным дыпломам, быў адным з лепшых на курсе. Пасля трапіў у адну з вайсковых частак Мінска, называць яе не буду. На працягу пяці гадоў служыў кантрактнікам.

Па штаце ва ўзводзе быў… адзін чалавек

— З чым ты сутыкнуўся ў войску пасля вяртання з вучэльні?

— Я лічыў, што ставіўся да вучобы належным чынам, таму і да мяне стаўленне на новым месцы службы будзе адпаведным: дадуць нармальную пасаду. У выніку я прыйшоў на пасаду камандзіра ўзвода, дзе была тэхніка, але не было людзей. Там быў адзін чалавек па штаце, але дэ-факта нават яго не было… Зразумела, мне гэта не спадабалася.

— Як так можа быць?

— Можа быць. Магчыма, вышэйшае кіраўніцтва лічыць, што адзін жаўнер і камандзір узвода ў стане абслужыць тры адзінкі тэхнікі, пры гэтым яшчэ займацца баявой падрыхтоўкай… Гэта ў мяне не ўкладалася ў галаве.

— То бок да цябе як да камандзіра быў такі давер, што кіраўніцтва палічыла: узвод з двух чалавек можа выканаць любую баявую задачу?

— Ага, канешне (смяецца). І смех, і грэх.

 

Уладзімір Румянцаў падчас службы ва ўзброеных сілах Беларусі

Хлопцы баяцца казаць праўду, каб не быць «стукачамі»

— Зараз шмат размоваў пра дзедаўшчыну. У роце, якой ты камандаваў, былі падобныя выпадкі?

— Давайце разбяромся ў паняццях. У тых ці іншых праявах з дзедаўшчынай чалавек сутыкаецца паўсюдна: на працы, у двары, у школе. Калі пра маю роту, дык старэйшыя хлопцы маглі злёгку жартаваць з маладзейшых — гэта нармальна, жывыя чалавечыя стасункі. Але крыўдзіць сур’ёзна — не, бо я прывучыў да адваротнага: дапамагаць і навучаць моладзь. Калі прыходзіў навабранец, я да яго прыстаўляў стараслужачага, які тлумачыў паўсядзённыя моманты, падцягваў па пытаннях падрыхтоўкі.

— А нейкае цкаванне, «настойлівыя просьбы» аддаць грошы, ежу, папраць шкарпэткі — было такое?

— Не. Я камандаваў вельмі спецыфічным падраздзяленнем, дзе гэта не віталася па простай прычыне: трэба быць шчыльна прыцёртымі адзін да аднаго. У прынцыпе, не важна нават, якое падраздзяленне. Калі сёння ты пасвараны з чалавекам, а заўтра разам вам ісці ў бой — ці зможаш ты яму падставіць спіну? Менавіта праз гэта дзедаўшчына непрымальная.

Маладыя хлопцы часцяком баяцца сказаць пра выпадкі ўціску, бо на іх вешаецца кляймо «стукача». Я тлумачыў: уявіце сабе сітуацыю, што вы не ў войску, а «на гражданцы», вас падманулі, скажам, «кінулі» з кватэрай — вы ж звернецеся ў міліцыю? Так. Дык а ў чым розніца? Калі ты носіш пагоны, ходзіш з кароткай стрыжкай — гэта яшчэ не значыць, што ты жывеш у нейкім іншым свеце. Закон адзіны для ўсіх. А дзедаўшчына — гэта выключна азнака нізкай дысцыпліны ў падраздзяленні.

 

Уладзімір Румянцаў падчас службы ва ўзброеных сілах Беларусі

«Трагедыя ў Печах — недахоп афіцэрскай працы»

— Гэта бяда камандзіра ці тых хлопцаў, якія служаць, — маўляў, гэта ўсяго толькі зрэз хворага грамадства?

— Найперш сам камандзір мае падвесці падначаленых да таго, што падпарадкоўвацца правілам — гэта норма. Таму гэта бяда камандзіра. З іншага боку, сам феномен дзедаўшчыны родам не з войска, людзі ж не ў казармах нараджаюцца — яны туды праходзяць з «гражданкі». Калі прыходзяць, то нясуць усе хібы грамадства, у тым ліку крымінальныя памкненні. Але няправільна, калі камандзір развядзе рукамі ў такой сітуацыі і скажа: «Ну што я магу зрабіць?…» Не можаш — вызваляй пасаду.

Увесь час з жаўнерамі трэба працаваць. Зразумела, каб камандзір атрымліваў ужо падрыхтаваны чалавечы матэрыял, было б прасцей. Але Радзіма выдала табе тое, што «вырасла», — няма іншага. Умоўна кажучы, усё што на вуліцы злавілі — табе даслалі (смяецца). Рэшта — праца афіцэра, на тое ён і носіць пагоны.

— Дык як выкараніць дзедаўшчыну?

— З дапамогай прафесійнай працы афіцэраў. Служба — гэта няспынная праца. Не мае быць так, што сёння камандзір пашыхтаваў байцоў, пакрытыкаваў, пахваліў, а пасля на тыдзень ці два знікае. А што з байцамі? Гэта недапушчальна. Афіцэр увесь час мае быць у курсе ўсяго, што робіцца ў ягоным падраздзяленні з людзьмі, якіх яму даверылі.

Таму, мне здаецца, што трагедыя ў Печах — гэта недахоп найперш афіцэрскай працы: на дзедаўшчыну альбо заплюшчвалі вочы, альбо нават заахвочвалі. Я вельмі блізка да сэрца ўспрыняў гэтую сітуацыю, часта думаю пра гэта. Шчыра жадаю, каб вінаватыя былі вельмі сурова пакараныя, як кажа кіраўнік нашай дзяржавы: «Жэстачайшэ».

 

Уладзімір Румянцаў падчас службы ва ўзброеных сілах Беларусі

Беларус па пашпарце і па духу

— Наколькі я ведаю, паводле генаў і паходжання ты не беларус…

— Мой бацька — расеец (карані недзе з-пад Цвяры), а маці — чувашка.

— Ёсць меркаванне, што ўсе «рускія» ў нашым войску — патэнцыйныя агенты Крамля, а ты яшчэ і ў Маскве вучыўся… Наўпроставы «партрэт здрадніка»!

— Хай мяне нехта называе здраднікам, мне гэта не важна. Я паехаў у Маскву па простай прычыне: не хачу вучыцца ў беларускіх вайскоўцаў. Які сэнс вучыцца ў шаўца, што не шые боты? Таму я паехаў да шаўцоў, якія шыюць, — да вайскоўцаў, якія ваююць. Была б магчымасць павучыцца і пераняць досвед NАТО, магчыма, паехаў бы туды. Але быў той выбар, які быў: Беларусь ці Расія. Я паехаў, каб стаць прафесіяналам у сваёй справе: вучыцца ў тых, хто мае рэальны досвед ужывання сваіх узброеных сілаў.

— Калі кажуць, што «не патрыятычна», калі на афіцэрскіх пасадах у Беларусі людзі расійскага паходжання альбо з расійскімі дыпломамі, што б ты адказаў такім «экспертам»?

— Я так не лічу. Мяркую, што патрыятычна будзе, калі на вышэйшых пасадах будуць патрыёты, незалежна ад іх прозвішча ці паходжання. Нашмат горш, калі гэтыя пасады займаюць этнічныя беларусы, якія дагэтуль лічаць Беларусь ледзь не часткай нейкага эфемернага СССР, з якога, нібыта, «усе мы родам».

Са мной служыў хлопец, скажам так, азіяцкай знешнасці. Дык я яго лічу сапраўдным патрыётам: ён паважае беларускую мову, ведае гісторыю. Памятаю, ён неяк падыходзіць да мяне і кажа: «Ведаеш, які сёння дзень?» Паціскаю плячыма. А ён: «Дзень прыняцця Статута ВКЛ!» Таму, не істотна, хто ты па паходжанні, важна — хто ты па духу. Я — беларус толькі па духу і па пашпарце.

— Калі няма «кроўнай» сувязі з гэтай зямлёй, адкуль цікавасць да мовы, гісторыі, патрыятызм?..

— Мяне так бацька выхаваў. Ён сказаў: «Калі ты нарадзіўся і жывеш на гэтай зямлі — ты ёй належыш. Таму вучы мову, гісторыю, трымайся законаў і традыцый гэтай краіны». Усё проста да немажлівасці! Я не хаваю, што ў дзяцінстве, гадоў у 10, я не хацеў вучыць беларускую мову… Чаму? Бо не ўмеў прыгожа і пісьменна размаўляць на ёй. Як кажуць: «Я не люблю ездзіць на ровары, бо не ўмею». Але бацька мяне прымушаў вучыцца, гэтым момантам я таксама абавязаны яму.

— Дарэчы, ці прымаў ты прысягу, калі вучыўся ў Расіі?

— У Расіі — не. Да гэтага я праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Беларусі, дзе і прысягнуў сваёй Радзіме. Памятаю нават дату: 11 лютага 2007 года.

Уладзімір Румянцаў падчас прысягі, скрайні злева — Андрэй Дундукоў

А ў Расіі не было ніякага абавязку ўсім навучэнцам ву­чэльні прымаць прысягу. Там жа навучаліся хлопцы з Нікарагуа, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Нігерыі, Палесціны… Навошта ім прымаць прысягаць РФ, праўда?

 

Мы надалей жывём вопытам ВАВ і Афганістана

— Маючы за спінай 10 гадоў у беларускім войску, мабыць, ёсць думкі пра нейкія рэформы ці аптымізацыю?

— Усе новаўвядзенні ў нас зводзяцца да таго, што калі ты нешта прапаноўваеш, то маеш абкласціся купай папераў. Табе павінен напісаць рэцэнзію старэнькі палкоўнік, які жывога жаўнера апошні раз бачыў гадоў 20 таму, і ад гэтай тлумачальнай запіскі будзе залежаць лёс новаўвядзення. Таму, калі нейкія змены ідуць, то страшэнна марудна. Гэта мая асабістая думка, але я практык: служыў і навучаў вайскоўцаў.

Не трэба выдумляць ровар, ёсць замежны досвед. Трэба, напрыклад, стварыць часовае падраздзяленне, навучыць па пэўнай методыцы — не важна, ізраільскай, французскай ці расійскай, — і паглядзець, ці падыходзіць нам. У нас жа назіральнікі прыязджаюць на вучэнні за мяжой — паглядзелі, пагаварылі, пастралялі — цудоўна! Але трэба трэніравацца, усё паспрабаваць — гэта зусім іншае.

Калі мы бачым, што амерыканская сістэма вядзення бою ў горадзе эфектыўная — яе трэба браць. Там кожны жаўнер ведае, як дзейнічаць у чацвёрцы, тройцы, двойцы, што рабіць па камандзе «лесвіца» альбо «калідор»… У нас жаўнеры гэтага банальна не ведаюць, а ў падручніках на бой у горадзе адводзіцца адна старонка. Затое шматслоўна прапісана, «што камандзір узвода мае ўлічыць падчас прыняцця рашэння…». Але ж гэта для афіцэраў — як кіраваць. А як выконваць, што рабіць шарагоўцу? Гэтага няма.

— То бок, гэта праблема сучаснай метадалогіі?

— Што казаць, калі мы не маем нават сучасных падручнікаў, перапісваюцца старыя. Просты прыклад: бярэм наш падручнік па падрыхтоўцы выведчыка, артыкул «Выжыванне», а пасля гартаем аналагічны падручнік 1985 года — адзін да аднаго! Толькі ў нашым выпадку падпісана, што падрыхтавана палкоўнікам N пад рэдакцыяй генерала X. Атрымліваецца, яны нічога не дадалі — наўпрост перапісалі! У падручніках па тапаграфіі надалей пішуць, маўляў, дзе больш моху на кары дрэва, там поўнач. Але гэта не працуе, колькі ні спрабуй! Дык навошта жаўнеру забіваць галаву лухтой?

Мы, на жаль, надалей жывём савецкай тэорыяй і практыкай у войску. Пагартай любы вайсковы падручнік — і знойдзеш: «вопыт Вялікай Айчыннай», «вопыт Афганістана»… А дзе рэшта? Пасля Афганістана, які скончыўся ў 1989-м, былі яшчэ ці не сотні ўзброеных канфліктаў, іх варта было вывучаць.

— Але ёсць хоць нейкія пазітыўныя зрухі?

— З апошняга, што мне спадабалася, гэта рэакцыя нашага вайсковага кіраўніцтва на досвед Украіны, тэндэнцыя на аптымізацыю мабілізацыі ў такіх выпадках. Важна, што яны хаця б пачалі варушыцца, паглядзеўшы на памылкі суседзяў. Добрая спроба была ўвесці практычную стральбу ва ўзброеных сілах — часткова гэта прыжылося. Але чаму б гэта не вывучаць усім падраз­дзяленням, а не толькі спецназу і выведцы? Усе жаўнеры ж трымаюць зброю і павінны быць гатовыя яе выкарыстаць…

 

«Фарбаванне нямытага БТР, у якім няма дзвіжка…»

— А ці ўсе жаўнеры ў нашым войску трымаюць у руках зброю?

— У тэорыі, навучыцца павінен кожны, насамрэч — не. Але ж не павінна быць тэорыі ці практыкі, мае быць адзіны стандарт! Адзін са старшых афіцэраў, які камандаваў маёй часткай, некалі ўвёў правіла, каб нават сувязісты і кухары стралялі раз на тыдзень. Я ім захапляўся, малайцом! Ён наўпрост сцвярджаў стандарт: страляць раз на тыдзень — гэта норма. Праз слёзы і пот усё выконвалася. Такія выпадкі даюць надзею, што афіцэрскі корпус у нас не згублены, ёсць людзі, якія нечага хочуць і дасягаюць, іх можна назваць прафесіяналамі.

— Ты згадаў пра тэрытарыяльную абарону і досвед Украіны. Ці будзе падобная сістэма ў нас эфектыўнай?

— На жаль, у нас занадта шмат папераў і правяраючых, каб задушыць любую добрую ініцыятыву. Некалі падчас вялікіх камандна-штабных вучэнняў да нас прыехалі два аўтобусы палкоўнікаў, падпалкоўнікаў і маёраў, каб правяраць. Вучэнні нібыта агульныя, датычацца кожнага… Мы нават жартавалі, маўляў, калі ўжо зробяць так, каб правяраць не было каму, калі ўсе будуць удзельнічаць?

Які прыярытэт падчас праверкі? Каб была ахова, каб ніхто не ўлез, не падклаў выбухоўку — гэта правільна, так мае быць. А калі палкоўнік выгаворвае за няправільна пастаўлены намёт — гэта смешна. Няўжо гэта ўзровень палкоўніка, правяраць крывізну намёту?.. Маскіроўка, выведка, абарона ад паветранага назірання і іншае — гэта сапраўды важна, ад гэтага залежыць вынік бою. Нават своечасовы падвоз ежы — важна. А ад таго, як пастаўлены намёт, не залежыць нічога.

Гэта з рубрыкі фарбавання ходнікаў ці складання снегу кубікамі, што не ўплывае на баяздольнасць і пераўтварае службу ў фікцыю. Падобныя «працы» патрэбныя адно для таго, каб пры адсутнасці рэальнай баявой падрыхтоўкі нечым заняць жаўнераў. Гэта як фарбаванне нямытага корпусу БТР, у якім няма дзвіжка… Апошні прыклад, дарэчы, з рэальнага жыцця, але і як метафара для ўсяго войска падыходзіць няблага.

Роўп-джампінг — спосаб трымаць сябе ў форме, перамагаць страхі ды …здымаць стрэс

Пасля службы здымаў фота начнога гораду, каб адпачыць

— Што наконт хобі?

— Найперш, фота. Камеру набыў цалкам выпадкова — неяк вырашыў зрабіць сабе падарунак на Новы год. Падумаў, а раптам і ў мяне атрымаецца цікава здымаць. Было гэта яшчэ падчас вайсковай службы: пасля напружанага дня трэба было пераключыць увагу на эстэтычны бок жыцця…

— Ты так адпачываў?

— Так. Прыходзіў дахаты, вячэраў і бег з фотаапаратам у горад. Магчыма, таму асноўнай маёй тэмай быў начны горад на здымках з доўгай вытрымкай (смяецца). Хацеў пасля папрацаваць са студыйным фота, але там ужо неяк не склалася.

— Што зараз?

— Калі я звольніўся з вайсковай службы, мне трэба было пераключыць энергію і памкненні на нешта іншае. Так я вырашыў перавучыцца і паспрабаваў праграмаванне. Яшчэ да войска захапляўся гэтым, шмат часу праводзіў за кампутарам. Войска ўсё змяніла, часу не хапала ні на што… Зараз, атрымліваецца, я вяртаюся да вытокаў, даўно забытага, але праз гэта не менш любімага занятку.

З гэтым звязаныя мае планы на будучыню: дасягнуць таго ўзроўню, з якім можна будзе працаваць у кампаніі, рабіць цікавыя праекты, атрымліваць ад гэтага задавальненне. Мяне тут ніхто не будзе абмяжоўваць, рамкі будзе ставіць адно сама мова праграмавання і здольнасці інтэлекту. Як кажуць, лепшая праца — гэта добра аплачваемае хобі.

— Што наконт асабістага жыцця?

— У мяне ёсць дзяўчына, але нейкіх грандыёзных планаў пакуль няма. У артыкуле можаш напісаць: «I’m single!» (смяецца). Дарэчы, зараз таксама вывучаю англійскую мову, хаджу да рэпетытара.

 

«Можа трэба было піць піва і расціць пуза?..»

 

— Пасля гісторыі са «Справай патрыётаў» і звальненнем з войска, ці змяніліся погляды на тэму патрыятызму?

— Не. Нягледзячы на ўсё, што адбылося, я стараюся трымацца тых жа правілаў, што і раней. Па-ранейшаму люблю Беларусь, сябе асабіста падтрымліваю ў форме. Не збіраюся нікуды з’язджаць, што б мне хто ні раіў, бо ўжо казалі: «Валі лепш адсюль, бачыш, як тут бывае?..» Не, гэта не пра мяне. Калі зараз раптам паклічуць на вайсковыя зборы — пайду і адпрацую напоўніцу.

— Цябе, вайскоўца, вінавацілі ў вайсковай падрыхтоўцы, ці гэта не абсурд?

— Гэта падвойныя стандарты, якія я адчуў на сабе. Паводле ўставу ўнутранай службы, кожны вайсковец абавязаны ўвесь час удасканальваць сваю вывучку і вайсковае майстэрства. То бок, я маю трэніравацца, чытаць адмысловую літаратуру, ставаць мацнейшым, каб у любы момант здолець прыйсці Радзіме на дапамогу, выканаць загад.

Апынулася, што ўсе гэтыя заняткі і захапленні мяжуюць са злачыннымі дзеяннямі — так гэта трактавалі следчыя… Адсюль пытанне: можа, устаў трэба чытаць неяк паміж радкоў і разумець па-іншаму? Камусьці свае абавязкі трэба выконваць, а камусьці — не? Можа, трэба было нічога не рабіць, піць піва, расціць пуза, чакаць крэдыт на кватэру, як гэта рабіў шмат хто з маіх саслужыўцаў, — і ўсё? Я так не хацеў — і паплаціўся за гэта.

 

Крыніца: Новы Час

Ваша меркаваньне

Scroll Up