Віталь Рымашэўскі адзіны з прадстаўнікоў «кааліцыі шасці», хто адмовіўся падпісаць пагадненне аб адзінстве дзеянняў апазіцыі на парламенцкіх выбарах. У дакуменце гаварылася аб неабходнасці байкатаваць выбары, калі ўлады не вызваляць палітвязняў.
Рымашэўскі патлумачыў, што «атрымаў новы варыянт дэкларацыі ад руху «За свабоду» усяго за пяць хвілін да пачатку прэс-канферэнцыі», паведамляе Радыё Свабода. У чым, на яго погляд, прынцыповае разыходжанне двух варыянтаў дакумента, ён растлумачыць адмовіўся.
Гэтая сітуацыя раззлавала каардынатара кампаніі «Гавары праўду» Аляксандра Фядуту, які «з развароту» даў Віталю штурхяля пад зад.«Рымашэўскі піарыўся, хлопчык не ўмее сябе паводзіць», - растлумачыў свае дзеянні журналістам палітолаг. Як у далейшым будуць развівацца адносіны паміж БХД і ГП застаецца толькі здагадвацца ...
А вось як каментуюць сітуацыю мясцовыя прадстаўнікі БХД і «Гавары праўду»:
- Гэта сітуацыя ніяк не паўплывае на адносіны мясцовых актывістаў адзін да аднаго, - упэўнена Таісія Кабанчук, абласны каардынатар стваранай партыі БХД. - Чаму мы павінны лаяцца, калі канфліктуе кіраўніцтва? Хоць у цэлым такое высвятленне адносін мне непрыемнае і незразумелае. Што тычыцца выбараў, наша рашэнне іх байкатаваць не змянілася.
Бабруйскі каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Алена Мядзведзева распавяла, што кіраўніцтва наогул не цісне на бабруйчан па любых пытаннях, і ў іх заўсёды ёсць сваё меркаванне. - Нават калі Някляеў раптам перадумае байкатаваць выбары, мы будзем настойваць на сваім. Пакуль у турме сядзяць палітвязні, у выбарах мы ўдзельнічаць не будзем. Мы ўжо абмеркавалі гэтае пытанне з бабруйскімі актывістамі, і прыйшлі да адзінага меркавання, - адзначыла Мядзведзева.
Златка ГУЛІНСКАЯ

















