Бабруйчане ў чарговы раз здзівілі сваёй пасіўнасцю. Гэта ж трэба – у горад прыехалі гурты такога ўзроўню, а на канцэрце прысутнічала ўсяго (разам з музыкамі і гасцямі) каля 200 чалавек. Але з іншага боку гэта не дзіўна, калі ўзгадаць апошнія “халяўныя” фэсты, зладжаныя рознымі мабільнымі аператарамі. На іх жыхары нашага горада таксама ішлі не настолькі стыхійна, як чакалася.

Тыя, хто прыйшоў у Палац мастацтваў у нядзелю вечарам, засталіся ў захапленні, якое межавала з сапраўдным мелаэкстазам. У сацыяльных сетках у гэтую ж ноч і наступны дзень шчасліўчыкі пісалі прыкладна адно і тое : “Было крута! Усе, хто не пайшоў – зайздросціце!” Дзве з паловай гадзіны праляцелі незаўважна, а самыя адвязныя танцоры і меламаны заявілі пасля, што гатовыя былі адрывацца яшчэ столькі ж.
Першым выступіў бабруйскі гурт +1 - пераможцы MASS MUSIC FEST, зладжанага тымі ж LABIRINT promo agency. Цікава, што калі бачыш двайніка вакаліста Limp Bizkit на сцэне, падсвядома чакаеш пачуць нешта кшталту “My Generation”. Але хлопцы граюць музыку пацяжэй, - і, да іх гонару, здолелі літаральна з першых песень выклікаць у народа жаданне паслэміцца і паскакаць. І ўвогуле, для каманды, якая сабралася вясной бягучага года, +1 выглядаюць вельмі нават прыстойна. І ў музычным і ў харэаграфічным плане.

На фота: гурт +1
Кола слэмераў значна пашырылася, калі на сцэне з’явіліся мінчане РИКОШЕТ. Пад іх не танчылі хіба толькі тыя, каму перашкаджалі сур’ёзныя прычыны кшталту сарамлівасці, цвярозасці ці перадпенсійнага ўзросту. Усе да аднаго ўдзельнікі гэтай каманды выклікалі самыя цёплыя пачуцці. Захацелася запакаваць іх у прыгожую каробку і нікаму не аддаваць, - настолькі гарманічна яны глядзеліся падчас выступу. У двух словах – “рікашэты” парвалі зал, і бабруйчане будуць памятаць гэты канцэрт яшчэ вельмі доўга. Голас каманды - Макс Хромаў, нават даў шанец гледачам выступіць на нейкія імгенні ў якасці “вакалістаў”. Калі ён паднёс да людзей, што стаялі ля самай сцэны, мікрафон, кожны з фанаў з задавальннем у яго “парыкаў”.

На фота: вакаліст РИКОШЕТ Максім Хромаў
Трэцімі зноў выступалі бабруйчане – цяжкавагавікі HUMAN HATE. Яны па добрай традыцыі суправаджаюць усе канцэрты, зладажаныя “лабірынтамі”, таму бабруйчане добра знаёмыя з іх творчасцю. Гэтая каманда ўжо мае даволі сур’ёзны вопыт выступаў у родным горадзе і за яго межамі, музыкі граюць свой змрочны рэпертуар роўна і зладжана. Да таго ж гітарыст і ўладальнік крамы музычных інструментаў "Фортэ"- Андрэй Амялькевіч, і басіст Віктар Андрушчанка таксама з'яўляюцца аднымі з арганізатараў канцэрту.

На фота: гурт HUMAN HATE
… І вось ужо разагрэтыя хто танцамі, хто шампанскім (у бары Палаца мастацтваў чамусьці не прадаюць піва, затое наліваюць усё іншае) рыхтуюцца да з’яўлення хэдлайнераў – гамельчукоў ТТ-34. Яны пачалі з новых песень, а потым мяшалі – старыя і новыя. Выканалі і “П..ц”, і “Джэка”, і нават “Ratamahatta” бразільцаў Sepultura.

На фота: вакаліст ТТ-34 Любамір Крыжаноўскі
Пад песню “Бум”, некалькі чалавек развязалі бойку. Аказалася, адзін са слэмераў выпадкова наляцеў на хлопца, які неабдумана блізка стаяў да кола (па правілах гэтага старажытнейшага міжнароднага “танца”, кожны, хто знаходзіцца ў адлегласці аднаго-двух метраў ад кола слэмераў – яго патэнцыйны ўдзельнік). Пацярпелы пачаў “выясняць адносіны” і ў выніку атрымаў яшчэ раз, але ўжо не выпадкова. Было бачна, што музыкам гэты інцыдэнт быў непрыемны, і Любамір Крыжаноўскі папрасіў крутых разборшчыкаў паводзіць сябе, як людзі. Па чутках, звычайна за такія справы вакаліст ТТ-34 адвешвае вінаватым ганебнага “кароннага падср..ка”.

Калі бура сцішылася, ушчэнт разняволеныя бабруйчане зніклі ў нірване, і вярнуліся з яе толькі калі ў фінале канцэрта ў зале запалілі святло. Потым фаны яшчэ доўгі час не адпускалі музыкаў, і зладзілі з імі доўгую фотасесію, якую “тэтэшнікі” з гонарам і ўсмешкамі вытрымалі.

P.S. Арганізатары па сакрэту распавялі, што нагатавалі для гасцей хатняй ежы. А трохлітровы слоік з баршчом, які музыкі з’есці не паспелі, павёз з сабой у Гомель гітарыст ТТ-34 – Сяргей Кузьмянкоў. – Напэўна, з пачуцця ветлівасці, - выказала меркаванне Гузэль, - адна з арганізатараў канцэрта і аўтар баршча…

На фота: гітарыст ТТ-34 Сяргей Кузьмянкоў
Хочацца спадзявацца, што бабруйскі боршч, гасціннасць і публіка “рікашэтам” і “тэтэшнікам” прыйшліся даспадобы, і яны абавязкова вернуцца.
А.С.
Фота: Вераніка КАМАРОВА і Сяргей ЛАЦІНСКІ
Больш фота ў нашай фотагалерэі

















