Вы тут
Бабруйск Навіны 

Беларусь прымусяць плаціць за расійскую нафту, як і іншыя краіны

Схаванага субсыдаваньня беларускай эканомікі больш ня будзе. Расея ня думае адмаўляцца ад падатковага манэўру.

Кіраўнік падатковага дэпартамэнту Міністэрства фінанасаў Расеі Аляксей Сазанаў даў інтэрвію агенцтву Reuters, у якім сярод іншага расказаў пра падатковы манэўр у нафтавай галіне і абмежаваньні паставак нафтапрадуктаў у Беларусь.

Пра сувэрэннае права на падатковы манэўр

Адказваючы на пытаньне пра супрацу зь беларускімі партнэрамі, Аляксей Сазанаў прызнаўся, што гэта «складанае пытаньне».

«Мы ў працэсе абмеркаваньня: ці будзе кампэнсацыя, у якім аб’ёме і якія інструмэнты пры гэтым выкарыстоўваць. Але ў любым выпадку гэта павінен быць мэханізм, калі ўсе будуць бачыць, якую суму штогод мы накіроўваем зь бюджэту Расеі на падтрымку Беларусі. Калі мы падавалі падтрымку ў выглядзе дыфэрэнцыялу ў мытах, ніхто гэтага нават ня бачыў, гэта было схаванае субсыдаваньне беларускай эканомікі».

 Макей анансаваў «вострую, але канструктыўную» размову з Расеяй

Паводле расейскага чыноўніка, цяпер, калі праводзіцца манэўр, усё «ўсплывае» на паверхню, больш такога схаванага субсыдаваньня ўжо ня будзе. І запэўнівае, што ніякіх міжнародных пагадненьняў Расея пры гэтым не парушыла.

«Раней гэта было „шэрае поле“, калі грошы губляў фэдэральны бюджэт Расеі, а атрымлівалі нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі. Цяпер адбываецца значнае „абяленьне“ узаемаадносінаў у гэтай частцы, і гэта вельмі добра. Калегі кажуць, што мы несправядліва прынялі „сувэрэннае рашэньне“. Аднак зьмена падатковага заканадаўства не рэгулюецца ў рамках пагадненьня аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Гэта наша права вызначаць падатковы рэжым унутры краіны, і ў рамках гэтага права мы яго крыху падкарэктавалі».

Нафтаперапрацоўчы завод
Нафтаперапрацоўчы завод

Паводле Аляксея Сазанава, Расея на «братэрскіх стасунках» страчвала велізарныя сумы: пачынаючы ад сярэдзіны нулявых, гэта больш за трыльён расейскіх рублёў.

Пра абмежаваньні паставак нафтапрадуктаў

Беларусь мае прафіцыт па ўсіх нафтапрадуктах за кошт сваёй нафтаперапрацоўкі. Таму ёй выгадна закупляць расейскія нафтапрадукты — больш танныя з улікам таго, што ў Расеі сацыяльна-адказныя нафтакампаніі і кошты ніжэйшыя, чым экспартная альтэрнатыва, патлумачыў кіраўнік падатковага дэпартамэнту Міністэрства фінанасаў Расеі Аляксей Сазанаў.

«Пастаўляючы нафтапрадукты ў Беларусь, расейскі бюджэт недаатрымлівае экспартнае мыта, бо гэтыя нафтапрадукты ідуць на задавальненьне патрэб беларускага рынку. Па сутнасьці, гэта зноў прыхаваная форма субсыдаваньня цяпер ужо ўнутранага рынку краіны. Калі скончыцца манэўр у нафтавай галіне, такога ўжо ня будзе. Пакуль мы ставім пытаньне пра абмежаваньне паставак. Балянс гэты вызначае Мінэнэрга».

Як заявіў чыноўнік, з улікам падатковага манэўру размова можа ісьці пра аб’ёмы паставак ад 100 да 300 тысяч тон за год, але ніяк не пра 2 мільёны, як ёсьць на гэты момант. Паводле Сазанава, летась Расея страціла на такіх пастаўках 10 мільярдаў расейскіх рублёў, а сёлета аналягічную суму толькі цягам паўгодзьдзя.

Пра страты Менску ад развароту Масквы

Як паведамляла Свабода, у ліпені Дзяржаўная Дума Расеі прыняла законапраект аб паступовым скасаваньні мыта на вываз нафты — так званы падатковы манэўр. Гэта азначае, што беларуская эканоміка пазбавіцца вуглевадароднай «іголкі», на якой сядзела больш за 20 гадоў. Расейская нафта для Беларусі будзе каштаваць столькі ж, колькі і для іншых краінаў.

Беларусь зарабляе мільярды на экспарце нафтапрадуктаў
Беларусь зарабляе мільярды на экспарце нафтапрадуктаў

Згодна з дакумэнтам, цягам 2019–2025 гадоў Расея паступова зьнізіць экспартнае мыта на сваю нафту зь цяперашніх 30% да нуля. Адначасова павялічыцца падатак на здабычу гэтай сыравіны. У выніку, адзначаюць экспэрты, Беларусь ня зможа перапрадаваць расейскія вуглевадароды.

Нават пры цяперашніх ваганьнях нафтавых цэнаў Беларусь выйграе да 2,5 мільярда даляраў за год, закупляючы яе ў Расеі — гэта прыкладна 5% працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту.

З 24 мільёнаў тон расейскай нафты прыкладна 6 мільёнаў рээкспартуецца з нацэнкай у краіны Эўразьвязу. Большая частка з астатніх 18 мільёнаў тон пасьля перапрацоўкі ў Мазыры і Наваполацку таксама ідзе на замежны рынак. Усё гэта прыносіла значныя даходы. Але ад наступнага году нафтавыя субсыдыі пачнуць істотна «абразацца».

Ваша меркаваньне

Scroll Up