Вы тут
Навіны 

Беларускія праваабаронцы абвясьцілі конкурс на стаж: патрэбны новыя ідэі і ініцыятывы

Чатыры арганізатары

Чатыры беларускія праваабарончыя арганізацыі — Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і дабрачынная ўстанова Камітэт «Салідарнасьць» — прапануюць актывістам пашырыць свой практычны досьвед праз стажаваньне ў адным з аб’яднаньняў і магчымасьць рэалізаваць уласны праект.

«У Беларусі сфармаваўся прафэсійны праваабарончы сэктар, скіраваны на падтрымку грамадзкай актыўнасьці, абарону ўразьлівых групаў, юрыдычную дапамогу, маніторынг парушэньняў, экспэртны аналіз, — гаворыцца ў сумеснай заяве праваабаронцаў. — Разам з тым насельніцтва недастаткова інфармаванае пра магчымасьці адстойваньня ўласных правоў. Цяпер існуюць новыя інструмэнты камунікацый зь вялікім ахопам аўдыторыі. І праваабаронцы зацікаўленыя, каб спрычыніцца да рэалізацыі ідэй, запатрабаваных у грамадзтве, з улікам інавацыйнага падыходу».

Праваабарончаму сэктару важна падсілкоўвацца ідэямі

Да ўдзелу ў стажы запрашаюцца актывісты з арыгінальнымі праектамі і жаданьнем рэалізаваць свае задумы, але ня маюць сродкаў на іх ажыцьцяўленьне. Са свайго боку, праваабаронцы абяцаюць падтрымку і садзейнічаньне ў ажыцьцяўленьні крэатыўных плянаў. Праект павінен мець доўгатэрміновую скіраванасьць і можа выкарыстоўвацца арганізацыямі пасьля заканчэньня стажу. Таксама магчымы варыянт «мэгаідэі», карыснай для ўсіх праваабарончых НДА і сугучнай напрамкам іх дзейнасьці.

«Нам цікава, каб новыя людзі маглі прынесьці свае ідэі, бо праваабарончаму сэктару, як і ўсяму грамадзтву, важна аднекуль падсілкоўвацца і разьвівацца, — сказаў Свабодзе старшыня БХК Алег Гулак. — Таму мы хочам даць маладым людзям (дый ня толькі маладым) магчымасьць самарэалізавацца. Спадзяюся, што будзе супольны, узаемавыгадны інтарэс. Пытаньне ў тым, каб людзям самім гэта было цікава. Так, жыцьцё разьвіваецца: новыя падыходы, сьвежае бачаньне, незаежджаныя думкі — гэта мусіць пайсьці на карысьць усяму праваабарончаму руху».

Адбор удзельнікаў будзе адбывацца праз конкурс. Журы ў складзе прадстаўнікоў «Вясны», БХК, БАЖ і «Салідарнасьці» разгледзіць дасланыя прапановы і правядзе сустрэчу з аўтарамі выбраных праектаў. У выпадку неабходнасьці будуць прыцягнутыя экспэрты зь іншых няўрадавых арганізацый.

Ініцыятыўных людзей хапае, патрэбны новыя праекты

Адным з чальцоў журы будзе нядаўна абраная кіраўніцай установы Камітэт «Салідарнасьць» юрыстка і праваабаронца Тамара Сідарэнка.

«Найперш хацелася б, каб грамадзтва больш даведалася пра дзейнасьць нашых праваабарончых арганізацый, — патлумачыла яна Свабодзе. — У тым ліку праз новыя праекты. Людзі павінны разумець свае правы, як іх адстойваць і абараняць. Ініцыятыўных людзей у Беларусі дастаткова, іншая справа, што ня ўсе маюць магчымасьць рэалізаваць свае задумы. Асабліва калі яны грамадзка важныя і на іх патрабуецца шмат рэсурсаў — і фізычных, і юрыдычных, і матэрыяльных. А ў гэтым выпадку арганізацыі абяцаюць падтрымку, раскрутку. Думаю, такія кандыдаты знойдуцца і годна пра сябе заявяць».

Працягласьць стажу ў праваабарончых арганізацыях — 6 месяцаў (ад 1 чэрвеня да 30 лістапада 2018 году). Але калі праект акажацца сапраўды вартым, тэрмін супрацы можна будзе падоўжыць.

Заяўку з апісаньнем ідэі (міні-праекту) і аповедам пра сябе можна дасылаць на адрас humanstazh@gmail.com. Апошні тэрмін падачы — 20 траўня.

Ваша меркаваньне

Scroll Up