Вы тут
Бабруйск Рэчаіснасць 

BobrTrip: музыка, экскурсіі па Бабруйску ды новыя знаёмствы

Прыходзьце, прыязджайце, прылятайце на акустычныя кватэрнікі ў кастрычніку-снежні 2017. Ужо сёння вы можаце зрабіць папярэднюю замову паштовак, квіткоў, праязных і пуцёвак на ulej.by.

“Мы, актыўныя бабруйчане, марым, каб культурнае жыццё нашага горада  было больш разнастайным і насычаным, а жыхары іншых гарадоў пры ягоным ўзгадванні “хваравіта стагналі і пагаджаліся ехаць  Бабруйск хоць бы і зараз”. Мы марым доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі збірацца разам, слухаць добрую музыку, зносіцца са старымі сябрамі і набываць новых. Мы марым, каб ва ўсіх нас была магчымасць знаёміцца з маладымі беларускімі (і не толькі) выканаўцамі розных стыляў і накірункаў, а ў маладых і не вельмі выканаўцаў – магчымасць пазнаёміць бабруйчан і гасцей нашага горада са сваёй творчасцю”, – дзеліцца сваімі жаданнямі каманда праекта “BobrTrip” на краўнфандынгавай платформе ulej.by.

BobrTrip – гэта краўндфандынгавы праект бабруйчан. Гараджане просяць фінансавай падтрымкі, каб купіць камплект гукавога абсталявання (прафесійную акустычную сістэму, мікшэрны пульт, мікрафоны і стойкі, камплекты разнастайных неабходных кабеляў. А наўзамен прапануюць акустычныя кватэрнікі з кастрычніка па снежань 2017 у бабруйскай крэатыўнай прасторы “1387”. Падтрымаць праект можна любой сумай ад 1 (аднаго) беларускага рубля тут. Акрамя таго, фундатараў чакаюць унікальныя падарункі.

BobrTrip і Пейсы-Тур – гэта весела і выгадна

Здзівіць кагось акустычнымі кватэрнікамі цяпер вельмі складана, таму бабруйчане рашылі-такі крыху разнастаіць культурную праграму. Акрамя папярэдняй замовы квіткоў на акустычныя кватэрнікі, вы можаце пацешыць сябе:

  • Фірмовымі пашўтоўкамі BobrTrip – для тых, хто ў думках з бабруйчанамі (3 BYN)
  • Экскурсіяй «Пейсы Тур» – ці чулі вы, што Бабруйск называюць культурнай сталіцай Беларусі? На нашай экскурсіі вы-такі даведаецеся чаму. Вы зможаце пабачыць якія-ніякія дзівосныя месцы нашага  славутага горада, даведаецеся страшна цікавыя гарадскія легенды – чаму скляпенні старога гатэля залітыя  бетонам, адкуль у Бабруйску ўласны Порт-Артур, як ўзнік тэатр у пажарнай часці і з якога боку тут яўрэі. Гэта і шмат чаго іншага ў нашай экскурсіі  “Пейсы Тур”! (ад 10 BYN)
  • Унікальнай інструкцыяй “Аўтастопам да Бабруйска” – для тых, хто любіць экстрым
  • Упіскай нанач у Бабруйску – для тых, хто-такі насмеліцца застацца ў Бабруйску з начоўкаю
  • Фотасесіяй на вулачках старога Бабруйска – для тых, хто хоча запомніць гэтыя чароўныя імгненні назаўжды

– За тры гады дзейнасці прасторы «1387» у нас у гасцях пабылі: MorkvoЦвет, THE TEL, Пачуццё палёту, DёSS, Leibonik, RedLine, Аляксандр Касінскі, Паліна Рэспубліка, SkyNet, Navi, Цімафей Яровікаў, Андрэй Сянькевіч, Два Ягоры, Макс.Пятраеў, T€GU, Андрэй Цяпін, =QUP=, POSTORONNIH NET, Валянцін Гамзуноў, Reinis Jaunais, Бронепаравоз, Pasha Green, КпГ і многія іншыя. Праездам да нас зазіралі нашы землякі БИ-2, а на модныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова» амаль штотыдзень у госці прыязджаюць больш-менш знакамітыя беларускамоўныя выступоўцы (Re1ikt, дуэт “Агата”, Naka, Нельга Забыць, Znich, Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя), – расказала ініцыятар праекта Наталля Халанская.

І хоць нефармальныя музычныя сустрэчы карыстаюцца вялікай папулярнасцю як з боку слухачоў, так і з боку выступоўцаў, не заўжды атрымліваецца арганізаваць  якасны акустычны вечар праз адсутнасць гукавога абсталявання. Таму хлопцы і дзяўчаты – аўтары праекта –   і вырашылі сабраць сродкі пры дапамозе грамадскага фінансавання.

Праграма акустычных вечароў на кастрычнік-снежань 2017  у працэсе падрыхтоўкі. Паступова на старонцы праекта і ў сацыяльных сетках будучь з’яўляцца імёны выступоўцаў. А стартуе праект 7 кастрычніка з выступу Андрэя Сянькевіча і #ТолькіУверхТУР. Гэта гісторыя пра кожнага з нас. Як любая кніга, фільм і нават выкшталцоная карціна. У ва ўсім ў гэтым свеце ёсць часцінка жывога, часцінка, напоўненая сілай, мудрасцю і святлом.

Восень не час нудзіцца, а час распачынаць знаёмствы! Да сустрэчы ў Бабруйску!­­­­­­­­­

Ваша меркаваньне

Scroll Up