Вы тут
Бабруйск Мінулае 

Дом дзе жыў Вальфсон

У Бабруйску не так шмат будынкаў, што ўзгадваюцца ў літаратуры (мемуарах). Гэты будынак прадстаўлены як мінімум на трох дарэвалюцыйных здымках.

Скрыжаванне Сацыялістычнай і Карла Лібкнехта (Муравьёвскай і Паліцэйскай — Сталыпінскай). У пачатку ХХ стагодзя ў гэтым будынку жыла і працавала сям’я Вальфсонаў.


Вядомы дзеяч часоў беларусізацыі 30-ых гадоў ХХ ст., Яўхім Кіпель у сваёй кнізе “Эпізоды” ўзгадвае гэты дом і яго жыхароў наступным чынам. (арфаграфія аўтара захава)

“Сямён Вальфсон — мой недалёкі зямляк‚ ён з Бабруйску. Да Першай сусьветнай вайны ў Бабруйску на Мураўёўскай вуліцы быў папяровы магазын Я. Вальфсона. За прылаўкам у магазыне стаяў маленькі Сёмка ды прадаваў алавікі і розныя канцылярскія прылады. Магазын гэты таксама пастачаў паперу ды алавікі царскаму войску‚ у Кутаіскі полк‚ які стаяў у Бабруйску. Часта ў Бабруйску можна было бачыць‚ як Якаў Вальфсон разам з сынком развозілі тавары. Адным словам‚ гандлявалі ды набівалі капітальчык.


Рэвалюцыю Сёмка праседзеў ціха‚ аднак калі пабачыў‚ што замацаваліся бальшавікі‚ хутка зактывізаваўся і стаўся марксыстам. На пачатку 20-х гадоў ён прыехаў у Менск; сядзеў досыць ціха‚ хоць часамі і прабаваў зьвякаць пра непатрэбу нацыянальных адраджэньняў. Кампартыя хутка зьвярнула на яго ўвагу: неўзабаве Сямён Якаўлевіч заняў пасаду прафэсара дыялектычнага матэрыялізму. Мне неаднаразова даводзілася зь ім сутыкацца ды публічна садзіць яго ў калошу зь ягонымі паглядамі на нацыянальнае пытаньне ды зь ягонымі часта мянянымі паглядамі на эканамічную палітыку і філязофію. Як я потым пераканаўся‚ Сёмка мне гэтага не забыўся. Трымаў хуткасьпечаны акадэмік Вальфсон нос на ветры. I як толькі ў паветры запахла пагромам беларускай інтэлігенцыі‚ ён зараз-жа пачаў публічна асуджаць беларускую інтэлігенцыю ды пісаць на яе артыкулы, даносы, падводзіць тэарэтычную базу пад пагром.

Вальфсон‚ стаўшы зацятым марксыстам‚ ненавісьнікам усяго нацыянальна беларускага‚ цярпець ня мог тых‚ хто ведаў пра ягонае паходжаньне і гандлёвую дзейнасьць перад рэвалюцыяй.

Нямала шкоды ня толькі працаўніком асьветы‚ але і ўсёй беларускай інтэлігенцыі нарабіў выдвиженец Міхаіл Рапапорт, які ў 1930 г. быў начальнікам ГПУ. Аб Рапапорце я ўжо ведаў раней. У Бабруйску перад Першай сусьветнай вайной на конскім рынку арудаваў малады Мішка Рапапорт‚ ці‚ як яго звалі ў Бабруйску‚ Мішка Конюх. Быў ён маклерам па продажы і абмене коней‚ а таксама лоўкім шулерам у карты. Мішка Конюх хутка пачаў рабіць кар’еру пры бальшавікох і ўрэшце трапіў у Менск ды стаўся там начальнікам ГПУ. Займаў ён таксама высокую пасаду і ў партыі.”

Крыніца: Яўхім Кіпель Эпізоды. Нью Ёрк. Выдавецтва газэты “Беларус”. 1998. С.117-119.

Падрыхтаваў: Аляксандр Чыгір.

Ваша меркаваньне

Scroll Up