Вы тут
Бабруйск Мінулае 

“Фальшыўка зробленая ў Польшчы”

На банэрах, якія рэкламуюць святочныя мерапрыемствы прысвечаныя 630-годдзю нашага горада за Бабруйскую цытадэль выдаецца польская крэпасць Замосць.

Я разумею, што мы жывем у часы, калі крытычнае мысленне прыраўноўваецца да крамолы. Прасцей не задумвацца, а з разумным выглядам паўтараць сказаную калісьці і невядома кім лухту. Я маю на ўвазе бяздумнае тыражаванне ў  бабруйскіх СМІ малюнка, які ня мае дачынення да горада.

Малюнак, які выкарыстоўваецца для прыцягнення ўвагі да мерапрыемстваў прысвечаным да 630-годдзя Бабруйска.

У мінулым годзе старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у сваім блогу ў Facebook адзначыў, што выява, якая сёння актыўна выкарыстоўваецца ў Бабруйску для рэкламных мэтаў нічога агульнага з Бабруйскай крэпасцю не мае. На думку даследчыка, Бабруйская крэпасць мела земляную фартыфікацыю. Мураванымі былі толькі рэдзюіты крапасных палігонаў. На карціне ж яўна бачна бастыёная фартэцыя, веркі, якой абмураваны, маюць пояс байніц, зусім, як у было ў Замасці, што падцвярджаецца тымі фрагментамі фартыфікацыі, якія ў горадзе захаваліся да нашага часу.

Крэпасць у Замасці не ўзводзілася нанава ў параўнанні з Бабруйскай крэпасцю, а для стварэння яе былі рэканструяваны новаітальянская фартыфікацыя горада канца XVI – пачатка XVI ст.ст., і створаны новы пояс земляных равелінаў. Магчыма пабудова крэпасці шляхам мадэрнізацыі і дазволіла захаваць сам горад з унікальнай рэнесанснай архітэктурай, у адрозненні ад Бабруйска ды Берасця, — адзначае Антон Астаповіч

Усе мы людзі і маем права на памылкі. Не факт, што меркаванне паважанага гісторыка з’яўляецца ісцінай у апошняй інстанцыі. Я пайшоў іншым шляхам. Не стаў шукаць, калі менавіта пачалася гісторыя з вышэй прыведзеных здымкам. Спадзяюся, што першапрычынай памылкі стала банальная няўважлівасць. У выніку якой з адной энцыклапедыі ў іншую пачаў перадрукоўвацца здымак з подпісам “Бабруйская крэпасць”

Ілюстрацыя з Энцыклапедычнага даведніка “Архітэктура Беларусі. Мн., 1993.

У 1993 годзе ў Энцыклапедычным даведніку “Архітэктура Беларусі” артыкул “Бабруйская крэпасць” за аўтарствам доктара архітэктуры Валерыя Францавіча Марозава быў ілюстраваны здымкам: “Бабруйская крэпасць у 1811 г. з карціны мастака Залескага”.

Ілюстрацыя да Энцыклапедыі Гісторыі Беларусі Т.1. Мн, 1993.

У першым томе “Энцыклапедыі Гісторыі Беларусі”, які выйшла ў тым жа годзе, у артыкуле аб Бабруйскай крэпасці за аўтарствам Ганны Іванаўны Дулеба и Валерыя Францавіча Морозова той жа самы малюнак, але ля прозвішча “Залескі” з’явілася літара “Б”.

Гэтая літара, па ідэі, павінна была спрасціць пошук. Ўбіваем ў Google “Б. Залескі” і атрымліваем верагоднага аўтара карціны: Браніслаў Францавіч Залескі, амаль наш зямляк, нарадзіўся у 1819 іц 1820 годзе ў мястэчку Вызна Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер г. п. Чырвоная Слабада, Салігорскі раён). Польскі i беларускі мастак, літаратар. Дастаткова пазнаёміцца з біяграфіяй Браніслава Францавіча, каб зразумець што гэта асоба вартая павагі і добрай памяці, але пры ўсё павазе да мастака і грамадзяніна наўрацці яму належіць аўтарства ўзгаданай карціны.

Браніслаў Францавіч Залескі

Браніслаў Залескі у асноўным спецыялізаваўся на партрэтах. Дастаткова бегла азнаёміцца з яго працамі і не быць мастацтвазнаўцам, каб засумнявацца ў яго аўтарстве.

Браніслаў Залескі “У юрце”

Прозвішча Залескі досыць распаўсюджаная і цалкам верагодна, што былі яшчэ мастакі з такім прозвішчам. Зноў звяртаемся да Google і знаходзім Марціна Залескага (Marcin Zaleski).

Марцін Залескі. Аўтапартрэт.

Польскі мастак, які нарадзіўся ў 1796 годзе ў Кракаве. У яго творчасці на першым месцы, як раз і была архітэктура. Менавіта ён, калі верыць Вікіпедыі, У 40-х гадах ХIХ стагоддзя адправіўся ў Вільню і стварыў для імператара Мікалая I серыю карцін з выявамі польскіх крэпасцяў. Падабенства манеры працы мастака відавочна.

Widok na Pałac Kazimierzowski od strony Powiśla – widok z gór Denanssowskich na obrazie Marcina Zaleskiego.

Палякі пяшчотна ставяцца да сваёй гісторыі і культуры. У пошуках карціны ідзем на сайт прысвечаны згубленым польскім культурным каштоўнасцям, дзе і знаходзім карціну, якую сёння выдаюць за Бабруйскую крэпасць.

Польскія мастацтвазнаўцы адзначаюць, што карціна сапраўды была напісана Марцінам Залескім у перыяд з 1840 па 1848 год. Заўважу, што гэта супадае з працай мастака над замовай Мікалая І. Адзначаецца, што на малюнку паказаны ўмацавання з поўначы. Ідэнтыфікаваны равелін на пярэднім плане, дарога што ідзе ад Люблінскай брамы, бастыён з лева і барочная ратуша за гарадскімі сценамі. На тэрыторыі Бабруйскай крэпасці па вызначэнні не магло быць ратушы, тым больш у стылі барока.

На згаданым сайце прасочваецца гісторыя карціны, пазначаны яе ўладальнікі (імёны канкрэтных людзей). Згадваюцца катологі дзе ўзгадвалася карціна і адзначаецца, што палатно знікла падчас вайны.

У прынцыпе, прыведзеных доказаў павінна хапіць. Яшчэ раз падкрэслю, што няма нічога страшнага ў памылках. Выпраўленая памылка, ужо не памылка. Мяркуючы па апошнім здымку карціна не знішчана, а знаходзіцца ў фондах Ваенна-гістарычнага музея артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі ў Санкт-Пецярбургу.

На мой погляд, як мінімум непрыгожа, для прыцягнення ўвагі да Бабруйска, выкарыстоўваць малюнак польскай крэпасці, ды яшчэ скрадзены падчас Другой сусветнай вайны. Сярод гасцей маючага адбыцца фестывалю цалкам могуць быць аматары гісторыі і можна патрапіць у непрыемную сітуацыю. А яно вам трэба?

 

Аляксандр Чыгір.

Ваша меркаваньне

Scroll Up