Вы тут
Бабруйск Рэчаіснасць 

Гайд БЧ: Куды пайсці на “Вянку дружбы” аматарам мастацтва?

Калі вы заблыталіся ў вялікай і малаінфарматыўнай праграмцы сёлетняга “Вянка дружбы”, прапануем вам чатыры мерапрыемствы, якія, на нашу думку, варта наведаць.

28 чэрвеня 19.00, тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча: монаспектакль “Кантрабас”.

П’еса Патрыка Зюскінда ў пастаноўцы Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра юнага гледача. Трупа ўжо некалькі год ездзіць па свеце з гэтым спектаклем, і атрымоўвае высокія адзнакі журы і гледачоў.

П’есу “Кантрабас” Патрык Зюскінд напісаў за пяць год да свайго вядомага рамана “Парфюмер: гісторыя аднаго забойцы”, што быў паспяхова экранізаваны і нават апеты гуртом Nirvana ў песні “Scentless Apprentice”. “Кантрабас” – першы выдадзены твор Зюскінда. Ён пра закаханага творцу ў стане дэпрэсіі, які жадае змяніць жыццё. Малады кантрабасіст вядзе ўнутраны дыялог з сабой, опернай прымадоннай і інструментам – які мае ў спектаклі ўласны жывы голас.

29 чэрвеня, 12.00, Бабруйскі мастацкі музей (вул.Горкага-28): адкрыццё выставы Абрама Рабкіна “Стары Бабруйск. Вяртанне на Радзіму”.

Абрам Рабкін прысвяціў Бабруйску больш за 400 карцін, а таксама кнігу “Уніз па Шашэйнай” і апавяданне “Усё пачыналася ў Бабруйску”. Большую частку жыцця мастак пражыў у Санкт-Пецярбургу, але рэгулярна прыязджаў у горад дзяцінства, і маляваў яго. Дзякуючы працам Рабкіна мы можам убачыць стары Бабруйск і яго каларытных жыхароў, будынкі і месцы, якіх ужо няма, адчуць тагачасную атмасферу.

Мастак марыў пра галерэю ў Бабруйску, якой мог бы падарыць свае творы, але справу замарудзілі мясцовыя ўлады. Восенню мінулага году яго дачка, Вольга Рабкіна, перадала гораду бацькавы працы: графіку, акварэлі, эцюды, замалёўкі і фотаздымкі, – яны і будуць выстаўляцца ў галерэі мастацкага музея. Наконт стварэння асобнай галерэі пакуль інфармацыі няма.

1 ліпеня, 14.00-23.50, плошча Леніна: канцэрт калектываў міжнароднага фестывалю “Вянок дружбы”.

На галоўнай гарадской плошчы можна будзе бясплатна пазнаёміцца з гасцямі, што прыедуць на фестываль з 26 краін. Але, магчыма, некаму будзе больш камфортна зрабіць гэта ў “лядовым” на адкрыцці (30 чэрвеня, 19.00), ці закрыцці фэсту (3 ліпеня, 18.00) і заплаціць за квіткі ад 10 да 15 рублёў.

Гэтыя традыцыйныя канцэрты каштоўныя тым, што на іх, у асноўным, выступаюць фальклорныя калектывы. Народныя касцюмы, народныя інструменты, спевы ды танцы – прыгажосць і асалода.

Сёлета ў Бабруйск прыедуць: вакальны ансамбль “Менестрэлі” (Беларусь), фолк-ансамбль “Рытм” (Балгарыя), ансамбль народнага танца “Кечкемет” (Венгрыя), Канстанцін Гехт (Германія), шоў-тэатр “Алевай” (Ізраіль), ГА “Міжнародная фальклорная акадэмія” (Індыя, Пенджаб), харэаграфічны калектыў “Суэньо Фламенко” (Іспанія), музычны калектыў “Парранда Меріта Ла Пена” (Канарскія астравы), тэнары “Су Кунсону Санту Джуанэ” (Італія), фолк-гурт “Крісоспіліотісса” (Кіпр), Азаэль Куэста Кардона (Калумбія), Эрыка Эрнандэс Гансалес і Самуэль Гансалес (Куба), фолк-танцавальны гурт “USA” ды вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” (Латвія), ансамбль народнага танца “Раса” (Літва), Клаўдзіа Язмінэ Пелаё Радрыгез і Радрыга Алварэз дэ ла Кадэна (Мексіка), ансамбль народнага танца “Стрэмошяска” (Малдова), музычны калектыў “Havella Spelemannslag” (Нарвегія), фолк-гурт “Марыня” (Польшча), фолк-ансамбль “Скамарошына”, фолк-ансамбль “Каравай”, ансамбль беларускай песні “Купалінка” (Расія), ансамбль песні і танца “Сігудэк” (Рэспубліка Комі),  ансамбль песні і танца “Краун” (Сербія), фолк-ансамбль “Левочан” (Славакія), Ала Славіна (ЗША), ансамбль народнага танца “Хаджэттэпе” (Турцыя), народны хор “Жайвир” (Украіна), харэаграфінчы ансамбль “Zerotin” (Чэхія).

Заўважна выбіваюцца з агульнага шэрагу госці з Велікабрытаніі – “Mutant Vinyl”, музычны гурт, што змешвае джаз, электроніку і фанк. Было б цікава, калі б арганізатары далі яму магчымасць асобнага выступу ў клубе, напрыклад.

2 ліпеня, 12.00, вуліца Сацыялістычная і плошча Леніна: Фестываль вулічных тэатраў. 17.00, плошча Леніна: гала-выступ вулічных тэатраў.

Арганізатары пашкадавалі даць больш інфармацыі пра фестываль, невядома, што і хто. Але сама ідэя выступаў вулічных тэатраў вельмі папулярная ў іншых краінах, таму надзвычай цікава, як яе рэалізуюць у Бабруйску.

Вядома, што ўдзельнікамі стануць шэсць тэатральных калектываў з Беларусі і Расіі. Для іх будуць зладжаны спецыяльныя пляцоўкі. Таксама свае праграмы пакажуць бабруйчане – удзельнікі тэатральнага калектыва “На біс! Тэатралушкі” з дзіцячай школы мастацтваў імя Цікоцкага і калектыва гімназіі-каледжа мастацтваў.

Думка наконт: Гайд БЧ: Куды пайсці на “Вянку дружбы” аматарам мастацтва?

Ваша меркаваньне

Scroll Up