Вы тут
Бабруйск Мінулае 

Гімназія Гадыцкага-Цьвіркі

Фотаздымкі будынкаў старога Бабруйска даюць магчымасць аднавіць памяць аб людзях, лёс якіх, так ці інакш, звязаны з нашым горадам.

У Інтэрнэце “гуляюць” два здымкі Бабруйскай гімназіі Гадыцкага-Цьвіркі. У адпаведнасці з подпісам зробленым ад рукі з пэўнай доляй верагоднасці можна меркаваць, што знішчаны будынак гімназіі знаходзіўся на вуліцы Шашэйнай (зараз Бахарава).

Гімназія Гадыцкага-Цьвіркі

Навучальная ўстанова насіла імя свайго заснавальніка Івана Рамуальдавіча Гадыцкага-Цьвіркі, які нарадзіўся ў 1856 годзе ў Мінску ў дваранскай сям’і. Ва ўзросце 25 гадоў скончыў Нежынскі Гісторыка-філалагічны інстытут князя Безбародзька. Педагагічную дзейнасць пачаў у Панявежскай настаўніцкай семінарыі, затым выкладаў рускую і лацінскую мовы ў Мінскай гімназіі з 1893 года жыў у Вільні, працаваў у Першай гімназіі, Рымска-Каталіцкай духоўнай семінарыі і Настаўніцкім інстытуце.

Іван Рамуальдавіч Гадыцкі-Цьвірка

З 1900 па 1907 год быў дырэктарам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У 1907 годзе выйшаў у адстаўку і ў тым жа годзе, з дазволу Міністэрства народнай асветы, адкрыў прыватную васьмікласную мужчынскую гімназію ў Бабруйску і да лістапада 1918 гаду быў яе кіраўніком.

Усведамляючы пагрозу бальшавізма Іван Рамуальдавіч пераязджае ў спакойную і ўтульную Латвію, дзе выкладае рускую славеснасць у Ліепаі, Лудзе і Резекне.

У 1925 годзе Гадыцкі-Цьвірка атрымаў латвійскае грамадзянства, У 1929 годзе за заслугі ў галіне адукацыі быў узнагароджаны ордэнам Трох Зорак чацьвёртай ступені, а ў 1935 году выйшаў на пенсію. Апошнія гады жыў у сына Дзмітрыя (1901-1988) — інжынера будаўніка і мастака. Іван Рамуальдавіч Гадыцкі-Цьвірка памёр у Рызе 11 чэрвеня 1942 года.

У 1918 годзе ў гімназіі выкладаў вядомы беларускі мовазнавец Іосіф Васілевіч Воўк-Левановіч, які нарадзіўся ў 1891 годзе на хутары Лявонаўка Бабруйскага павета ў сялянскай сям’і.

У аўтабіяграфіі Воўк-Левановіч пісаў, што ў 10 год бацькі ўладкавалі яго ў Бабруйскую гімназію таму, што замужняя сястра, якая жыла ў горадзе, змагла даць яму бясплатную кватэру і харчаванне. За выдатныя поспехі ў вучобе быў вызвалены ад аплаты. У 1911 годзе скончыў гімназію з сярэбраным медалём і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта.

У 1914 годзе, скончыўшы тры курсы ўніверсітэта, ён па ўласным жаданні пайшоў на фронт. Быў паранены, ў лютым 1918 дэмабілізаваўся, вярнуўся ў Бабруйск і пачаў выкладаць ў гімназіі Гадыцкага-Цьвіркі рускую і лацінскую мовы.

Іосіф Васілевіч Воўк-Левановіч

Паверыў бальшавікам, актыўна ўключыўся ў палітыку беларусізацыі, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў польскім і яўрэйскім педагагічным тэхнікумах. У 1924 годзе яго залічаюць асістэнтам на кафедру гісторыі беларускай мовы БДУ, а праз тры гады Воўк-Левановіч атрымлівае званне дацэнта.
Выступаў з крытыкай некаторых аспэктаў разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы ў тым выглядзе, у якім яна была ў 1920-я гады. У 1930 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь, працаваў у Саратаўскім унівэрсытэце і Арэнбурскім пэдагагічным інстытуце.

У 1937 г. быў арыштаваны, прыгавораны да папраўча-працоўных лягераў. Дата сьмерці ўстаноўлена прыблізна – 1943 год. Рэабілітаваны пасьмяротна ў 1958 г.

Googlя “гімназію”, знайшоў ўспаміны навукоўца-лекара Лазара Барысавіча Гіндзіна, які ў 1909 годзе здаваў экзамены у гімназію Гадыцкага-Цьвіркі.

Лазар Барысавіч Гіндзін

Фрагмент цікавы тым, што паказвае адносіны паміж падлеткамі пачатку ХХ стагоддзя і стаўленне педагогаў да здольных вучняў (правапіс арыгінала захаваў):

Решил поехать в город Бобруйск держать экзамены в частной гимназии Годырского-Свирко. Эта гимназия уже имела все права государственных. Приехав в Бобруйск, я обратился на улице к одному еврейскому парню в форме этой гимназии, он, видно, был неплохой по характеру и увидев, что я беспризорный, не имею квартиры, он позвал меня к себе. Это был сын довольно богатого еврейского купца, он учился в этой гимназии, к нему приходили вечером товарищи, играли они в карты до утра, а мне нужно было готовиться к экзаменам, спал я у него на полу. И подал заявление в гимназию. Экзамены за шесть классов гимназии, даже за пять классов гимназии, я выдержал отлично. Я пришел к директору, он сказал: “У вас лучшее написанное сочинение”. По русскому языку я получил 5, по математике : “и я, говорит он, вас с удовольствием бы принял. “Найдите двадцать христианских парней, возьмите их за свой счет в гимназию и я вас приму в счет пяти процентов евреев, которых я принимаю”. Само собой понятно, что я такую операцию произвести не мог, хотя большинство учившихся у него евреев, дети богачей, так и поступали. Но справку о том, что я у него выдержал экзамены, он мне дал, и я ни с чем уехал домой.

Лічу, што ў гісторыі першасныя факты, а высновы, кожны зробіць самастойна (ці не зробіць). Аднак, у дадзеным выпадку, хацелася б выказаць сваю думку, якая круцілася ў галаве падчас збору і апрацоўкі прадстаўленай вышэй інфармацыі.

Задача ў тым каб стварыць для грамадзян спрыяльныя ўмовы для развіцця, Толькі і ўсяго. Менавіта гэты паказчык можа лічыцца крытэрыем эфектыўнасці той ці іншай сістэмы кіравання.

Ці былі знаёмыя Гадыцкі-Цьвірка і Воўк-Левановіч? Думаю што так. Безумоўна, гэта розныя людзі з пункту гледжання паходжання і светапогляду. Іх аб’ядноўвае адукацыя і інтэлект. Аб’ядноўвае, тое што нельга памацаць рукамі (гэта не скварка, чарка, іншамарка…).

Але менавіта інтэлектуальныя адукаваныя і свабодныя (самае галоўнае) людзі, як лакаматывы цягнуць грамадства наперад.

Жыццё згаданых вышэй людзей, безумоўна здольных, прайшло міма Бабруйска (наш горад, так і застаўся, фрагментам іх біяграфій), Можна толькі падлічыць, якой колькасці бабруйчан, яны маглі б прышчапіць любоў да ведаў, колькі разумных людзей выхаваць. У выніку адзін вымушаны быў эміграваць, іншы скончыў сваё жыццё ў лагерах, а Лазар Гіндзін, які так і не затрымаўся ў Бабруйску, стаў дырэктарам Цэнтральнага скурна-венералагічнага інстытута СССР і галоўным лекарам бальніцы ім. Караленка ў Маскве.
Гімназія спыніла сваё існаванне і пасля была разбурана…

Ваша меркаваньне

Scroll Up