Вы тут
Бабруйск Мінулае 

Гісторык Ляхоўскі пратэстуе супраць помніка польскім легіянэрам у Бабруйску

У Бабруйску зьбіраюцца паставіць помнік салдатам першага Польскага корпусу легіянэраў, якім камандаваў генэрал Юзаф Доўбар-Мусьніцкі. З такой ініцыятывай зьвярнуўся да бабруйскіх уладаў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы. У гарвыканкаме пацьвердзілі зьвесткі пра намеры ўшанаваць памяць польскіх легіянэраў.

 

«Магу сказаць, што такія зьвесткі праўдзівыя, але іх пакіну без камэнтару», — сказала Радыё Свабодзе ​намесьніца начальніка аддзелу ідэалягічнай працы Бабруйскага райвыканкаму Алена Канцавая.

У сваім камэнтары да публікацыі Радыё Свабода «​Вуліца і ліцэй імя Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім застануцца, — Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы» гісторык Уладзімер Ляхоўскі напісаў:

«У 1918 годзе гэты корпус выступіў супраць савецкай улады… А за што такі гонар? За якія заслугі перад Беларусьсю? За габрэйскія пагромы, за рабаваньне грамадзкай маёмасьці мясцовых органаў самакіраваньня і навучальных устаноў. Нават калі гэта будзе разьменнай манэтай у пытаньні з захаваньнем імя Браніслава Тарашкевіча ў гарадзкой тапаніміцы Бельску. Тарашкевіч ня быў пагромшчыкам і тэрарыстам. Я катэгарычна супраць… І бабруйскія габрэі будуць супраць, дзе б яны цяпер не жылі».

Польскія легіянэры ў Баранавічах

Польскія легіянэры ў Баранавічах

У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Ўладзімер Ляхоўскі пацьвердзіў сваё нэгатыўнае стаўленьне да намераў увекавечваньня памяці пра польскіх легіянэраў у Бабруйску і Беларусі наагул.

«Якое дачыненьне гэты замежны ваеннаначальнік мае да гісторыі Беларусі?»

Гісторык цьвердзіць, што ў архівах захаваліся зьвесткі пра гвалтоўныя дзеяньні легіянэраў зь лютага па травень 1918 году, калі яны займалі «трохкутнік Рагачоў-Слуцак-Бабруйск-Лагойск».

«Я займаўся гэтым пытаньнем. У зборы архіваў БНР, што захоўваецца ў нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні: скаргі мясцовых габрэйскіх грамад, як паводзілі сябе польскія легіянэры ў гэты пэрыяд. Імі была разрабаваная Рагачоўская настаўніцкая сэмінарыя», — адзначае гісторык.

Ляхоўскі згадвае тэлеграму Рады БНР канцлеру Нямеччыны з пратэстам супраць бясчынстваў корпусу Доўбар-Мусьніцкага ў Бабруйскім, Рагачоўскім і Магілёўскім паветах. У дакумэнце, датаваным сакавіком 1918 году, гаворыцца:

«Знаходжаньне яго (корпусу Доўбар-Мусьніцкага — РС) ў той вобласьці характарызуецца як надзвычай цяжкая форма вайсковага пастою, згубна адлюстроўваецца на жыцьці насельніцтва. Падвяргаецца жорсткай рэквізыцыі ўся без выключэньня маёмасьць, за рэквізыцыі нічым не плацяць і вельмі часта не выдаюць ніякіх квітанцый. Мала таго, на глебе нацыянальнай варожасьці ўзводзяцца ганеньні і зьдзекі зь мясцовага насельніцтва; вяртаюцца найгоршыя часы прыгоннага права: сялян сякуць, садзяць у турмы без суду і сьледзтва, вешаюць».

У іншым дакумэнце, лісьце Бабруйскай Беларускай павятовай рады ў Раду БНР, гаворыцца:

«Корпус уяўляе з сябе масу канчаткова дэзарганізаваных і недысцыплінавых салдат і афіцэраў, якія, (…) адчуваючы поўную беспакаранасьць і безадказнасьць, усяляк зьдзекуецца зь мясцовага насельніцтва, рабуюць, гвалцяць, спальваюць цэлыя вёскі, як напрыклад, вёскі Вялікія і Малыя Бортнікі, расстрэльваюць зусім нявінных, вешаюць, па-барбарску спаганяюць кантрыбуцыі».

Юзаф Доўбар-Мусьніцкі

Юзаф Доўбар-Мусьніцкі

Уладзімер Ляхоўскі не аспрэчвае ролі Доўбар-Мусьніцкага ў гісторыі Польшчы і не сумняваецца ў тым, што ён нацыянальны герой гэтай краіны, але, пытае: «Якое дачыненьне гэты замежны ваеннаначальнік мае да гісторыі Беларусі?». На ягоную думку ўсталяваньне помніку польскім легіянэрам ня толькі выклік беларусам, але і беларускім габрэям ува ўсім сьвеце.

«Калі пачнецца мэмарыялізацыя, то галасы пратэстаў габрэяў мы пачуем абавязкова, бо іхныя архіўныя зборнікі таксама захоўваць зьвесткі пра пагромы. У беларускіх габрэяў гістарычная памяць значна вышэйшая, чым у саміх беларусаў. Мы можам нешта дараваць, а габрэі наўрад ці. Таму праблема з помнікам міжнародная», — настойвае Ўладзімер Ляхоўскі.

Польская амбасада: Размова ідзе не пра помнік, а пра мэмарыяльную шыльду

30 студзеня дэлегацыя Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы мелася наведаць Бабруйск, каб правесьці перамовы з уладаю аб усталяваньні помніка. Афіцыйна не пацьверджана, ці прыяжджалі прадстаўнікі інстытуту на перамовы.

Пазьней прадстаўнік польскай амбасады паведаміў Радыё Свабода, што размова ідзе не пра помнік, а пра мэмарыяльную шыльду памяці польскіх салдат, якія знаходзіліся ў 1918 годзе Бабруйскай крэпасьці, загінулі і пахаваныя на тэрыторыі крэпасьці, але там няма і знаку іхняй памяці:

«Гэтыя салдаты ўступілі ў створаную ў Бабруйску польскую армію, але не змаглі вярнуцца на сваю радзіму, пра якую марылі. Там паміралі прадстаўнікі розных армій: расейскай, нямецкая, польскай, чэскай, і цяпер, можа, настаў час усім паставіць памятныя знакі, каб іх бачылі турысты, якія прыяжджаюць у крэпасьць», — сказаў прадстаўнік амбасады.

 

Ваша меркаваньне

Scroll Up