Вы тут
Бабруйск Мінулае 

Легенды Бабруйска: Доктар Фейертаг

У сусветнай павуціне натыкнуўся на здымак, датаваны 1912 годам. Фатограф злавіў у аб’ектыў важную падзею ў жыцці Бабруйска. Пахаванне доктара Фейертага.

Асоба доктара Ісідара Самуілавіча Фейертага для Бабруйска канца ХІХ пачатку ХХ стагоддзя была сапраўды касмічнага маштабу. Яго ведалі ўсё! Нават агаворка, “амаль усе” тут непадыходзіць.

Лекар, быў карэнным бабруйчанінам. У аповедзе Леаніда Коваля “Смерть сумасшедших” згадваецца помнік дзеда доктара Фаертага на старых яўрэйскіх могілках Бабруйска ў часы Другой сусветнай вайны. Натуральна могілак і адпаведна помніка даўно ўжо няма.

У канцы ХІХ стагоддзя Ісідар Фейертаг працаваў лекарам у Бабруйскай крэпасці, дзе 1810 годзе было адкрыта першае лячэбная ўстанова нашага горада — гарнізонны ваенны шпіталь, у якім маглі атрымаць дапамогу і цывільныя бабруйчане.

Пасля таго, як лекар у чыне надворнага саветніка (адпавядаў чыну падпалкоўніка) сыйшоў у адстаўку ў1887 годзе прыняў непасрэдны ўдзел у адкрыцці першай гарадской бальніцы, быў яе загадчыкам. Акрамя працы меў і прыватную практыку, вёў прыём дома, ездзіў сам да цяжкахворых. Да пацыентам ставіўся дыферэнцыравана: тых, хто меў дастатак, лячыў за грошы, бедных бясплатна, а вельмі бедным дапамагаў лекамі і самымі неабходнымі прадуктамі харчавання.

У кнізе бабруйчаніна – мастака Абрама Рабкіна “Вниз по Шоссейной” ўзгадвацца, як доктар праводзіў бясплатнае лячэнне бедных бабруйчан у сябе дома. Ён іх групаваць па хваробам і, быўшы ваенным лекарам камандаваў:

— З колікамі ў жываце — у адну купку, з грыжамі — у іншую, а тыя, у каго слязяцца і чырванеюць вочы — станавіцеся асобна.

А потым пачынаў прыём.

Да нашых дзён дайшло некалькі легенд, што датычацца постаці доктара. Чаму легенд? Непасрэдных сведкаў не засталося, а гісторыі вельмі прыгожыя і непраўдападобныя для нашых сучаснікаў.

Легенда першая. Аднойчы, адзін з коней Фейертага захварэў і для паездкі да пацыентаў прыйшлося наймаць рамізніка. Трохі пагандляваўшыся, прыйшлі да пагаднення, што грошы заробленыя ў на працягу дня падзеляць пароўну. Першы пацыент доктара жыў у адным з багатых дамоў. Выйшаўшы, ён адразу ж перадаў кіроўцу палову атрыманага ганарару. Пасля наведвання некалькіх заможных пацыентаў у кішэні рамізніка ужо знаходзіўся дзённы заробак.

Скончыўшы наведванне зможных, яны паехалі да бедных. У аднаго з дамоў рамізнік прастаяў даволі доўга. Калі доктар выйшаў, ён сказаў: “Тут пяць чалавек, якія пакутуюць ад тыфу, і яны не маюць сродкаў для лячэння, я даў ім некаторыя лекі, ежу, і нават прыйшлося пакінуць пяць рублёў наяўнымі. Такім чынам, з вас два з паловай рублі”.

У канцы дня ў рамізніка не толькі не засталося нічога з раней заробленага, але цяпер ён быў павінен лекару. Безумоўна, Фейертаг не разлічваў, што рамізнік будзе працаваць бясплатна і заплаціў яму дзённы заробак.

Другая легенда звязана з хваробай самога доктара. Дом Фейертага знаходзіўся на Пушкінскай вуліцы, якую ў народзе называлі “Фейертагаўскай”. Вуліца была шумнай, па ёй з горада ў сучасны Авіягарадок, дзе ў тыя часы размяшчаўся артылерыйскі полк, каваныя коні перацягвалі цяжкія гарматы – грукат стаяў на ўсю акругу. Ўдзячныя пацыенты ў дні калі доктар адчуваў недамаганне секлі ля Цітаўкі (іншы бок горада) яловыя лапкі і засцілалі імі ўсю вуліцу да самага пераезду.

Калі Ісідар Самуілавіч Фейертаг паміраў, сотні бабруйчан, сабраліся ля яго дома і маліліся. Адзін са сведкаў распавёў, як лекар папрасіў паднесці яго да адкрытага акна і сказаў: “Нават калі яны не могуць убачыць мяне, я хачу ўбачыць іх”.

Ваша меркаваньне

Scroll Up