Вы тут
Бабруйск Рэчаіснасць 

Мінкультуры выказалася ў падтрымку помніка Алесю Адамовічу. На бюст трэба 6000 даляраў

Канчатковае рашэньне пра бюст Алеся Адамовіча на ягонай радзіме мае ўхваліць Магілёўскі аблвыканкам.

Міністэрства культуры ўзгадніла стварэньне і ўстаноўку бюста Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, на радзіме пісьменьніка, паведамляе Радыё Свабода.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце Андрусю Архіпенку, жыхару Бабруйску, які прапанаваў Мінкульту такім чынам ушанаваць памяць пісьменьніка. Гэтую ідэю подпісамі падтрымалі шэсьцьсот чалавек.

Цяпер пытаньне мае разглядзець Магілёўскі аблвыканкам, пачаўся збор патрэбнай дакумэнтацыі.

На бюст трэба 6000 даляраў

Сродкі на бюст, кажа Архіпенка, будуць зьбірацца грамадзкасьцю. Паводле яго падлікаў, на задуманае трэба 6 тысяч даляраў. За выраб бюста бярэцца скульптар Уладзімір Мелехаў.

Месца для бюста і сквэру Алеся Адамовіча Архіпенка прапануе выбраць між будынкам былой аптэкі і сельсаветам (да дальнім пляне)
Месца для бюста і сквэру Алеся Адамовіча Архіпенка прапануе выбраць між будынкам былой аптэкі і сельсаветам (да дальнім пляне)

«Пытаньне з музэем Адамовіча ў Глушы год як не вырашаецца, таму і зьявілася ў мяне думка наконт увекавечаньня ягонай памяці бюстам», — кажа Архіпенка.

Разам зь бюстам ён прапанаваў разьбіць сквэр, каб людзям было дзе прыпыніцца і згадаць Алеся Адамовіча.

Сабраных на музэй грошай не хапае

На стварэньне музэю ў Глушы не хапае грошай. За амаль тры гады на дабрачынны рахунак пералічана блізу 12 тысяч рублёў — гэта дзясятая частка патрэбнай сумы.

Раней старшыня назіральнай рады ў пытаньні стварэньня музэю, намесьніца старшыні Бабруйскага райвыканкаму Тацяна Варанко казала, што сабраных сродкаў недастаткова нават на распрацоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі. Паводле яе, грамадзкі інтарэс да стварэньня музэю згасае, і новых ахвяраваньняў чакаць не даводзіцца.

Будынак былой аптэкі, у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй
Будынак былой аптэкі, у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй

Музэем меўся стаць будынак старой пасялковай аптэкі, які два дзясяткі гадоў пуставаў, і цяпер ягоны стан характарызуюць як аварыйны. У 2016 годзе гаварылася, што на рамонт дома патрабуецца блізу мільярда рублёў (53 тысячы даляраў). 5 тысяч даляраў нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч складаюць больш як 90 працэнтаў усіх сабраных сродкаў.

Існуе альтэрнатыўная прапанова зрабіць музэй у пасялковым Доме культуры, а будынак аптэкі стане адным з экспанатаў.

«Прыпынак Адамовіча»

Андрусь Архіпенка прапануе бюст паставіць між аптэкай і сельсаветам, каб яго было відаць з шашы. Вуліца ўздоўж яе называецца Кастрычніцкай. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі даць ёй імя Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, і Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Але ўлады яе не ўхвалілі. Пазьней вуліца Адамовіча ў Глушы зьявілася, але на ўскрайку мястэчка.

Андрусь Архіпенка, фота «Гавары праўду»
Андрусь Архіпенка, фота «Гавары праўду»

Пакуль вырашаюцца пытаньні зь бюстам, Архіпенка зьбіраецца зрабіць з прыпынку ў Глушы арт-абʼект з назвай «Прыпынак Алеся Адамовіча». Створана ініцыятыўная група, якая возьмецца за афармленьне прыпынку.

Андрусь Архіпенка паводле адукацыі гісторык, ён актывіст руху «Гавары праўду».

Ваша меркаваньне

Scroll Up