Вы тут
Бабруйск Навіны 

Пачаўся суд над былым кіраўніком Бабруйска

У аўторак, 20 чэрвеня, у судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска пачаўся суд над экс-старшынёй Бабруйскага гарвыканкама Андрэем Каваленка.

Былы галоўны чыноўнік Бабруйска знаходзіцца на лаве падсудных разам з Эльшадам Ахундавым і яго сынам Артурам. Іх падазраюць у дачы хабару Каваленку. Ахундаў-старэйшы знаходзіцца пад вартай, Ахундаў-малодшы — пад падпіскай на волі.

Эльшад Ахундаў, кампаньён Каваленка па лазні, абвінавачваецца ў пасярэдніцтве пры атрыманні хабару.

60-гадовы Эльшад Ахундаў — ураджэнец Азербайджана. У Бабруйску ён жыў ужо даўно, служыў тут у войску ў 1974 годзе, ды і застаўся. Ахундаў — ветэран МУС, з 1976 па 1994 гады працаваў у міліцыі. На момант затрымання Эльшад Ахундаў працаваў дырэктарам мясцовага рэстарана ТАА “Апшэрон”. Ён жа і заснавальнік бізнэса. Яго сын, 36-гадовы Артур на сённяшні дзень беспрацоўны.

Каваленку абвінавачваюць ў больш за дзесяць эпізодаў хабару і адным замаху на хабар. Самы буйны хабар – 188 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. За перавод жылога памяшкання ў нежылое меў намер атрымаць 6 тысяч даляраў.

Андрэй Каваленка – “рукі за спіну не паварочвацца”

Па версіі абвінавачвання, агучаных у судзе, Андрэй Каваленка атрымаў хабар ад будаўнічай кампаніі за тое, што аддаваў ёй падрады на рамонт балконаў і фасадаў. Хабар у 4 тысячы даляраў, за прызначэнне дырэктарам гатэля “Турыст” Лысакоўскага, 5 тысяч даляраў – за прызначэнне яго намеснікам Барысенка, 1 тысячу даляраў – за прызначэнне начальнікам інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя Дзянісевіча. Былы мэр таксама абвінавачваецца ў атрыманні хабараў за вылучэнне участкаў пад будаўніцтва кветкавага ларка і аўтамыйку.

Былы чыноўнік не прызнаў віну па чатырох эпізодах, па іншых – часткова. Паводле яго слоў, ён не браў грошы за прызначэнне дырэктара гатэля, падрады на рамонт балконаў і фасадаў і перавод кватэры ў нежылы фонд.

Па іншых эпізодах, ён сцвярджае, што сумы былі меншымі. Не 5, а 3 тысячы. Не 6, а 5. То бок грошы ён браў, але сумы адрозніваліся ад агучаных пракурорам.

Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, вінаватасць падсуднага пацьвярджаецца ўсімі хабарадавальнікамі. Бацька і сын Ахундавы прызналі сваю віну ў пасярэдніцтве пры атрыманні хабараў. Ахундаў-бацька на судзе заявіў, што выступаў пасярэднікам, так як быў абавязаны былому старшыні выканкаму — той працаўладкаваў сына на дзяржслужбу. За пасярэдніцтва браў ва ўсіх выпадках па тысячы даляраў у залежнасці ад сумы хабару.

Ахундаў-старэйшы распавёў, як 5 год таму  пазнаёміўся з чыноўнікам, і нават згадвае такія дэталі, як яны разам парыліся ў лазні.  Эльшад называе іх адносіны “сяброўскімі”. Недзе раз на тыдзень Каваленка заязджаў да Ахундава ў лазню на лецішчы ў Вербках.

Часам яго запрашаў сам Эльшад Ахундаў: “Паважаны Андрэй Віктаравіч, не жадаеце наведаць з сяброўскім візітам лазню?” Гэта значыла, што перадалі грошы, патлумачыў Ахундаў.

Андрэй Каваленка раіцца з адвакатам

Пастаўлены на пасаду прэзыдэнтам РБ, Андрэй Віктаравіч Каваленка, атрымліваў хабары купюрамі з партрэтамі амерыканскіх прэзідэнтаў. Ахундаў-старэйшы лічыў, што няёмка было перадаваць чыноўніку такога рангу беларускія рублі, таму мяняў айчынныя рублі на даляры ЗША.

Пракуратура сцвярджае, што Ахундавы схілілі жыхара Бабруйска Максіма Прановіча, якому трэба было перавесці памяшканне, якое належала яго маці ў нежылы фонд, каб той даў хабар. Запэўнілі, што, калі праплаціць, то пытанне можна вырашыць.

Той Прановіч сам выйшаў на Артура Ахундава, пытаўся, ці не можа той дапамагчы з пераводам кватэры ў нежылы фонд. Той перадаў інфармацыю бацьку, Ахундаў-старэйшы — Каваленку. Чыноўнік адмовіўся займацца іх справай.

Праз паўгады ўсё паўтарылася, толькі Прановіч ужо быў гатовы даць 6 тысяч даляраў за вырашэнне пытання. Тады ўжо Каваленка “вырашыў падумаць”, запэўніў Ахундаў.

Прычым, Ахундаў-старэйшы папярэджваў сына — Пра Прановіча нехарошыя чуткі ходзяць, нібыта падстаўны. Але Артур не прыслухаўся да бацькі.

У паказаньнях Эльшада Ахундава  згадваюцца прозвішчы некаторых вядомых у Бабруйску асоб.

Па версіі следства, падсудныя атрымалі 5 тысяч даляраў за магчымасць адной камерцыйнай структуры ўзяць у арэнду з далейшым выкупам, будынак былога рэстарана “Белая Русь” (кафэ “Раяль”). Схама тая ж: Камерсанты выйшлі на Ахундава, які звярнуўся з заманлівай  прапановай да Каваленкі. Грошы, за “вырашэнне пытання”, былы старшыня выканкама атрымаў у вышэй згаданай лазні.

Нагадаем, што Каваленка затрымалі 14 лістапада мінулага года. Паводле следства, ён узяў хабар памерам 20 тысяч даляраў і 25 мільёнаў “старых” рублёў. Цяпер 47-гадоваму Каваленку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Эльшаду і Артуру Ахундавым — да 7 гадоў.

 

Читать по теме:

“Лёд тронулся….”

Вехи биографии нового начальника Бобруйска

Депутаты утвердили единогласно. А Губернатор критиковал

Шокирующие истории из жизни высоких чиновников

Ваша меркаваньне

Scroll Up