Вы тут
Бабруйск Навіны 

Суд вынес прысуд удзельнікам “банды Молнара”

У Магілёве абласны суд вынес прысуд фігурантам справы так званай банды Молнара. Ключавога фігуранта — 53-гадовага бабруйчаніна Сяргея Молнара — прыгаварылі да 18 гадоў пазбаўлення волі.

Абвяшчэнне прысуду прайшло ў турме №4, дзе і праходзілі ўсе судовыя пасяджэнні. Працэс быў закрытым.

Справу 30 жыхароў Бабруйска абласны суд Магілёва пачаў разглядаць 14 сакавіка на тэрыторыі турмы № 4. Галоўнага фігуранта справы Сяргея Молнара і яго меркаваных змоўшчыкаў абвінавацілі ў стварэнні злачыннай арганізацыі, разбоях, вымагальніцтве, махлярстве, выкраданні чалавека, наўмысным знішчэнні і пашкоджанні маёмасці, нелегальным абароце наркотыкаў і зброі.

Суду разгледзеў больш за 100 тамоў крымінальнай справы, па якой праходзіла больш за 500 пацярпелых. У матэрыялах справы фігуравала больш за 80 злачынстваў.

Некаторыя сваякі абвінавачаных былі не згодныя з абвінавачваннем. 10 кастрычніка 2016 года некалькі маці падсудных у знак пратэсту сталі перад аўтамабілем суддзі, што вёў працэс, не даючы яму ўехаць на тэрыторыю турмы.

За паўгода да гэтага сваякі абвінавачаных прасілі зрабіць судовы працэс адкрытым. Яны ездзілі ў Мінск, каб перадаць зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі і трапіць на прыём да начальніка галоўнага ўпраўлення па ўзаемаадносінах з органамі заканадаўчай і судовай улады, пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта Жанне Цішчанка. На прыём яны не патрапілі, але прашэнне ў іх прынялі.

Для Сяргея Молнара пракурор запытаў 18 гадоў пазбаўлення волі. Да такога тэрміна, па словах сваякоў, прысутных на судзе, яго і прыгаварылі. Удзельнікаў так званай банды баксёраў Арцёма Білушкіна і Яўгена Абдуразакава прысудзілі да 13-14 гадоў пазбаўлення волі, Максіма Кудраўцава – да 5,5 гадоў пазбаўлення волі. Дзяніса Макса (Дэн Бабруйскі, якога ў пэўных колах называлі “злодзеем у законе”) прысудзілі да 7 гадоў (столькі ж прасіў дзяржабвінаваўца), былога работніка агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Іллю Лінніка – да васьмі гадоў.

Сваякі абвінавачаных паведамілі, што будуць абскарджваць прысуды.

Ваша меркаваньне

Scroll Up