Вы тут
Асоба Бабруйск 

Сын «футбольнага генія» Аляксандра Пракапенкі знайшоў сябе ў ЗША, але застаўся патрыётам Беларусі

 

Гутарка Свабоды з сынам легендарнага менскага футбаліста Аляксандра Пракапенкі Зьмітром, які ўжо амаль 20 гадоў жыве ў ЗША, але апякуецца спадчынай і памяцьцю пра бацьку ў Беларусі, цікавіцца жыцьцём на радзіме і гаворыць па-беларуску.

Галявая атака 6 нумара менскага «Дынама» — Аляксандра Пракапенкі

17 чэрвеня будзе адзначацца 90-годзьдзе футбольнага клюбу «Дынама» (Менск) і 35 гадоў чэмпіёнства калектыву ў першынстве СССР. На сталічным стадыёне «Трактар» таварыскую сустрэчу згуляюць вэтэраны «Дынама» і маскоўскага «Спартака» — у 1982 годзе менавіта пасьля перамогі над «Спартаком» беларусы сталі ўладальнікамі залатых мэдалёў чэмпіянату СССР.

За дынамаўцаў выступяць зоркі свайго часу: Юры Курбыка, Людас Румбуціс, Сяргей Бароўскі, Юры Пудышаў, Андрэй Зыгмантовіч, Ігар Гурыновіч, Віктар Сокал, Юры Трухан, Георгі Кандрацьеў, Міхаіл Мархель, Уладзімер Журавель, Віктар Шышкін, Сяргей Штанюк ды іншыя.

У пераліку легендарных асобаў не хапае толькі ўлюбёнца публікі 1980-х Аляксандра Пракапенкі.

Узьлёт і закат легендарнага «Пракопа»

«Народны футбаліст» пайшоў з жыцьця ў 1989-м, яму было ўсяго 35 гадоў. «Пракоп», як па-сяброўску называлі яго аднаклюбнікі, — адзін з самых уганараваных беларускіх футбалістаў: майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў 1980 году, гулец зборнай Савецкага Саюзу, чэмпіён СССР 1982 году, № 1 у сьпісе 33 найлепшых футбалістаў усесаюзнага першынства ў год дынамаўскага трыюмфу.

Зь сябрамі-дынамаўцамі Юрыем Курненіным і Ігарам Гурыновічам

Аднак маральны і псыхалягічны груз аказаўся занадта цяжкім для простага хлопца з Бабруйску. У 1983-м яго адлічылі з каманды за «сыстэматычнае парушэньне рэжыму», двойчы за наступныя пяць гадоў зьмяшчалі ў так званы лячэбна-працоўны прафілякторый. У перапынках «Пракоп» выступаў за магілёўскі «Днепр» і бакінскі «Нефтчы», але без ранейшага запалу. Канчаткова «згарэў» 29 сакавіка 1989-га, неўзабаве пасьля вяртаньня з мазырскага ЛТП. Пахаваны на могілках вёскі Токары Бабруйскага раёну.

Кароткае, але насычанае жыцьцё Аляксандра Пракапенкі стала падставай, каб ушанаваць яго імя ў назьве стадыёну ў родным Бабруйску, выношваецца ідэя помніка на дынамаўскай арэне ў Менску, зьняты дакумэнтальны фільм і рыхтуецца да выхаду кніга. Гэтымі ды іншымі мэмарыяльнымі праектамі апякуецца Зьміцер Пракапенка, сын легендарнага футбаліста. Ён будзе прадстаўляць бацьку і падчас імпрэзаў, зьвязаных зь юбілейнымі датамі ў жыцьці клюбу, якому Пракапенка-старэйшы прысьвяціў 10 самых плённых гадоў сваёй спартовай біяграфіі.

Аляксандар Пракапенка з сынам Дзьмітрыем

Бабруйск — Менск — Нью-Ёрк

Без малога два дзясяткі гадоў ён разам з маці жыве ў Нью-Ёрку. Ад’ехалі туды праз 10 гадоў пасьля сьмерці бацькі і мужа. Уражвае зьнешняе падабенства Пракапенкаў старэйшага і малодшага. Зьмітра яно толькі радуе:

«Мы з маці атрымалі «Зялёныя карты» і ў 1999-м зьехалі, — кажа Зьміцер. — Мне было няпоўныя 22 гады, фактычна сталеньне адбывалася ў ЗША. Апошнім часам рэгулярна бываю на Бацькаўшчыне. Прыяжджаў на чэмпіянат сьвету па хакеі-2014, а потым у зьвязку з тым, што заплянаваў выдаць пра бацьку кнігу. Паступова ідэя пашырылася, вырашылі рабіць дакумэнтальную стужку, плюс арганізаваць пад юбілей матч вэтэранаў — сабраць тых, з кім тата ў свой час гуляў у «Дынама». Такім чынам, летась выдалі фільм «Народны футбаліст», у гэтым годзе будзем прэзэнтаваць кнігу, а таксама адбудзецца сустрэча вэтэранаў «Дынама», зборнай Беларусі. Апроч таго, ёсьць ідэя ўсталяваць на стадыёне помнік, сымбалічную фігуру футбаліста».

Зьміцер Пракапенка ў Менску

Бліжэй да восені, калі будзе гатовая да прэзэнтацыі дакумэнтальная кніга пра Аляксандра Пракапенку, у Менск зь Нью-Ёрку прыедзе ягоная ўдава Натальля. Хоць ад фатальнага 1989-га ўжо мінула шмат часу, сямейная трагедыя да сёньня перажываецца балюча:

«Мама таксама часта бывае ў Беларусі, — працягвае Зьміцер. — Бліжэй да восені зноў прыедзе, застанецца на некалькі месяцаў, будзем выдаваць кнігу… Вядома, цяжка было: ёй — страціць мужа, мне — бацьку. Я быў зусім малы, усяго 12 гадоў, так быць не павінна… Балазе, усе тыя сябры, якія былі ў нашай сям’і, яны засталіся, кантакты падтрымліваем па сёньня».

Эмоцыі «народнага футбаліста»

Беларуская ідэнтычнасьць праз акіян

Зьмітру 40 гадоў, у яго свой рэклямны бізнэс. Непрывязанасьць да жорсткага графіку дазваляе сумяшчаць працу з падарожжамі па сьвеце ды ўласнымі праектамі ў Беларусі:

«Я маю ўласны бізнэс — гэта рэкляма, маркетынг і г.д. Працую цалкам у рэжыме онлайн. Адпаведна, не прывязаны да нейкага канкрэтнага месца, маю час, каб бываць у розных краінах і шмат часу праводзіць на радзіме. То бок дзякуючы вольнаму графіку падарожнічаеш і адначасова працуеш. Справа ня ў тым, Амэрыка гэта ці нейкая іншая дзяржава — сучасныя тэхналёгіі дазваляюць шмат што рабіць дыстанцыйна. У мяне ёсьць сябры ў Расеі, ва Ўкраіне, у краінах Балтыі, яны таксама езьдзяць па ўсім сьвеце і працуюць онлайн. Цяпер час такі: з надыходам эры інтэрнэту маем прынцыпова новую магчымасьць выкарыстоўваць выгоды цывілізацыі».

 

«Дынамоша», талісман клюбу

Зьміцер Пракапенка — прыклад захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці на чужыне. Ён выдатна гаворыць па-беларуску, удзельнічае ў жыцьці беларускай суполкі, пры нагодзе наведвае публічныя сустрэчы зь Зянонам Пазьняком:

«Справа ў тым, што бабуля — мама майго бацькі — была выкладчыцай беларускай мовы ў Бабруйску. І заўсёды, калі прыяжджаў да яе, акунаўся ў беларускамоўнае асяродзьдзе — у сям’і размаўлялі выключна па-беларуску. Зрэшты, у бацькоў па мацярынскай лініі было тое ж самае. Зразумела, што ў маёй менскай школе пераважна была расейская мова, але гэта не перашкодзіла добра ведаць беларускую. У Амэрыцы шмат хто зь беларусаў гаворыць і так, і інакш, як каму зручна. Асабіста мая пазыцыя такая: чым больш моваў ты ведаеш, тым больш ты адукаваны чалавек».

Аляксандар Пракапенка на Алімпіядзе-1980 у Маскве

Як прызнаецца суразмоўца, за апошнія гады ў яго назьбіраўся салідны кнігазбор — кожны прыезд у Беларусь абавязкова суправаджаецца паходамі па сталічных ды пэрыфэрыйных кнігарнях. А ў Нью-Ёрку намагаецца не прапусьціць цікавых землякоў:

«На жаль, цяпер маю на гэта ўсё менш часу. Але так, быў пэрыяд, калі часьцяком бываў на розных імпрэзах. У большай ступені цікавіць выданьне і прэзэнтацыя новых кніжак, працы па архітэктуры, тэатральныя пастаноўкі. Перадусім культурныя падзеі, якія здараюцца ў жыцьці беларускай суполкі. Я маю вялікі кнігазбор — тут і мастацкая літаратура, і гістарычная, і навукова-папулярная. Гэта тое, што мяне сапраўды вельмі цікавіць».

Стадыён імя Аляксандра Пракапенкі ў Бабруйску

Футбольны геній з Бабруйску

Для Зьмітра, адрозна ад знакамітага бацькі, футбол закансэрваваўся на аматарскім узроўні — хоць без гульні № 1 свайго жыцьця не ўяўляе. З аднаго боку, прагрэсу перашкодзіў раньні ад’езд за мяжу, зь іншага — невысокі статус «сокера» ў ЗША:

«Футбол заўсёды быў, ён нікуды не падзеўся і пасьля ад’езду за мяжу. Я выхоўваўся ў дынамаўскай школе, потым — у вучэльні алімпійскага рэзэрву ў Юрыя Пышніка. Гэта была база нашых юнацкіх футбольных зборных. Магчыма, сам нешта ня змог вырашыць, каб прафэсійна замацавацца ў футболе, магчыма, перашкодзілі новыя рэаліі. Адбыцца футбалістам у ЗША было складана — сокерная ліга і сёньня ня самая моцная. Натуральна, гуляў, але збольшага на аматарскім узроўні. Дарэчы, за самыя розныя каманды — і за італьянскую, і за расейскамоўную з Брукліну. Удзельнічалі ў розных турнірах, было цікава. Але ўзровень, паўтаруся, аматарскі. Тым ня меней футбол заўсёды прысутнічаў і застаецца ў маім жыцьці».

Сёньня менскі стадыён «Дынама», зь якім зьвязаныя найлепшыя ўспаміны футбалістаў пачатку 1980-х, — прыклад спартыўнага даўгабуду. У зьвязку з гэтым пад хатнія матчы каманда арандуе «Трактар». Там жа 17 чэрвеня пройдзе і гульня ў гонар 90-гадовага юбілею клюбу. Доўгі час з будучыняй арэны наагул не было ніякай пэўнасьці, пакуль не спыніліся на варыянце лёгкаатлетычнага комплексу. Пэрспэктыва чыста футбольнага стадыёну зноў адсунулася:

«Безумоўна, крыўдна, — кажа Зьміцер Пракапенка. — Нацыянальны футбольны стадыён павінен быць, проста справа гонару. І ён зьявіцца, пытаньне часу. Вядома, шкада, што гадоў, мабыць, пяць ужо цягнецца эпапэя, ужо можна было ўсё зрабіць. Як я ведаю, згодна з плянамі гэта будзе лёгкаатлетычны комплекс з правам правядзеньня футбольных матчаў на вышэйшым узроўні. Хочацца верыць, што хоць так… Усё ж спадзяюся, што калі-небудзь у Менску зьявіцца чыста футбольны стадыён, на якім будуць гуляць зборная Беларусі і нашы топавыя клюбы. Было б цудоўна».

Пад бацькавым №6 на матчы зборнай Беларусі

10 гадоў таму ўпершыню была агучаная ідэя, каб паставіць на стадыёне «Дынама» помнік Аляксандру Пракапенку. Праўда, неўзабаве стала вядома, што аб’ект рыхтуецца да татальнай перабудовы, і давялося ўзяць паўзу.

Ці ўдасца рэалізаваць задуму гэтым разам — прагназаваць складана. Як паказвае досьвед, абыйсьці бюракратычныя перашкоды нялёгка нават пры наяўнасьці лабістаў. Вядомая гісторыя з намерам паставіць каля крытай лядовай пляцоўкі ў менскім парку Горкага скульптуру хакеіста Руслана Салея, які трагічна загінуў у авіякатастрофе. Ад ягонай гібелі мінула шэсьць год, але далей за дэклярацыі нічога не пайшло:

«Гэта адпачатку была ідэя БСБ-банку, — кажа Зьміцер. — Яны шмат гадоў уручаюць прыз імя Аляксандра Пракапенкі «За футбольны талент і самааддачу ў гульнях за зборную Беларусі». І вось цяпер, працуючы над кінастужкай, працуючы над кнігай, вырашылі аб’яднаць высілкі — пойдуць па інстанцыях лісты з банку, ад нашай сям’і. Таму спадзяюся, што ідэя нарэшце зрушыцца зь месца. Тата 10 гадоў адгуляў за «Дынама», усе ягоныя дасягненьні непарыўна зьвязаныя з гэтым клюбам, з гэтай арэнай. На маю думку, гэта якраз тое месца, дзе можна было б ушанаваць ягоную памяць».

Геаграфічны трохкутнік: Нью-Ёрк — Менск — Бабруйск

А вось у Бабруйску, адкуль выбітны футбаліст родам, пазалетась яго імем назвалі стадыён, дзе базуецца «Белшына». Да помніка справа не дайшла, як удакладняе Зьміцер, — абмежаваліся памятнай шыльдай:

«Гэта невялікі стадыён, там гуляе «Белшына». Вялікі дзякуй мясцоваму кіраўніцтву, заўзятарам за тое, што памятаюць, што шануюць. Фактычна гэта была сумесная ідэя гарвыканкаму, каманды. Падключылі спонсараў і рэалізавалі праект. Помніка, натуральна, няма, проста шыльда на стадыёне».

Непад’ёмнае выпрабаваньне папулярнасьцю

Заўзятарская любоў да Аляксандра Пракапенкі проста зашкальвала — нездарма журналісты ахрысьцілі яго «народным футбалістам». Таму раптоўная сьмерць у 35 гадоў ашаламіла. Дзе той маральны, псыхалягічны ці, можа, матэрыяльны бар’ер, якога не ўдалося пераадолець?

«Пытаньне дакладна ня ў грошах. Справа, я думаю, якраз у папулярнасьці. Ён стаў адным з самых вядомых на той час гульцоў, значыць, мусіў адпавядаць пэўным маральна-ідэалягічным крытэрам, быць люстэркам дынамаўскага калектыву. Мабыць, папулярнасьць разам з адказнасьцю дзесьці і надламілі. Плюс пастаянны псыхалягічны, маральны прэсінг. А што да грошай, дык ня столькі яны атрымлівалі, каб надта шыкаваць. Як ведаем, гулялі тады за ідэю і за радзіму. Якраз той «шчыры футбол», які прапагандаваў Эдуард Малафееў. Адпрацоўвалі душой і сэрцам, гэта я ведаю дакладна».

«Шчыры футбол» паступова ператвараецца ў анахранізм. Ці можна сьцьвярджаць, што цяперашнія гульцы найперш дбаюць пра камэрцыйны інтарэс, а ўжо потым матываваныя гуляць для заўзятараў?

З Эдуардам Малафеевым і ўкраінскім легіянэрам «Дынама» Аляксандрам Найком

«Агулам ня скажаш, але ідзе час, зьмяняецца футбол, яго фармат, навакольны антураж. Футбол ператвараецца ў вялікі бізнэс — тут і рэкляма, і трансфэры, і тэлетрансьляцыі. Безумоўна, адна з мэтаў, якую ставяць перад сабой футбалісты, — зарабляньне грошай. Гэта тычыцца ўсіх людзей, іншая справа, што ў футболе цяпер ёсьць такія магчымасьці. У той краіне — Савецкім Саюзе — усім плацілі прыблізна аднолькава, хіба футбалісты на нейкі працэнт мелі болей. Таму гулялі ў асноўным не за грошы. А цяпер, вядома, кантракты, рэкляма, усё астатняе. І гэта добра, бо ёсьць канкурэнцыя, стымул да росту. Адпаведна, падвышаецца ўзровень гульцоў, клюбаў, чэмпіянатаў. Нічога дрэннага ў камэрцыялізацыі няма».

Чаму менскаму «Дынама» не ўдаецца вярнуцца да сваёй лепшай кандыцыі і выйграць хоць бы першынства Беларусі — ужо ня кажучы пра тое, каб нечым зьдзівіць на міжнародным узроўні? Прадметам кпінаў сталі бясконцыя пэртурбацыі трэнэрскага складу, цякучка кадраў. Зьміцер Пракапенка як патрыёт клюбу верыць, што лепшыя часы наперадзе:

«У кожнай каманды ёсьць і цяжкі час, і час узьлёту, трыюмфу. Пэўна, цяпер «Дынама» якраз на сваім спадзе, пасьля пойдзе пад’ём. Усё ў сьвеце цыклічна. Калі зірнуць на іншыя калектывы, дык і там праблемы рознага кшталту — той жа БАТЭ сёлета раз-пораз прайграе. Нічога не застаецца, як спадзявацца на адваротны працэс. Пры любым раскладзе клюб на сёньня — самы легендарны ў Беларусі, самы стары, акурат 90 гадоў будзем адзначаць. Веру, што ў будучыні «Дынама» ўсё складзецца добра, будуць і перамогі, і кубкі, і Ліга чэмпіёнаў. Калі ў калектыву ёсьць канкрэтныя мэты, трэба працаваць і не зьвяртаць увагі на скандалы, канфлікты. Яны адымаюць сілы, энэргію і час. Маеш задачу выступаць у топавых турнірах — трэба проста браць і працаваць».

Наколькі паўнавартасным падаецца чэмпіянат Беларусі з-за акіяну? Думка Зьмітра Пракапенкі:

Падчас уручэньня прэміі імя Аляксандра Пракапенкі

«Ну, гэта з чым параўноўваць, — кажа Зьміцер Пракапенка. — Але што паўнавартасны — так, безумоўна. Беларусь мае футбольную фэдэрацыю, мае 16 клюбаў у вышэйшым дывізіёне, першую і другую лігі. Праўда, шмат у чым яшчэ трэба расьці. І той жа фэдэрацыі, і на ўзроўні клюбаў. Багата працы наперадзе, якую трэба рабіць усім разам: дамаўляцца наконт фармату, зьмяняць нешта зусім застарэлае. Хацелася б, каб пры гэтым было менш розных скандальных і канфліктных сытуацый — яны толькі зьбіваюць з кірунку, якім трэба ісьці нашай футбольнай гаспадарцы».

Беларусізацыя футболу

Апошнім часам нацыянальны футбол паддаўся беларусізацыі. Зьявіліся каманды, якія адпачатку пазыцыянуюць сябе як тутэйшы праект, — тыя ж «Крумкачы». Зьявіліся беларускамоўныя надпісы на футболках, старонкі на сайтах і ў сацсетках. Зьміцер усьцешаны, што «Дынама» ў гэтым руху — сярод першапраходцаў:

На магіле бацькі ў Токарах на Бабруйшчыне

«Справядліва будзе казаць, што кожны клюб у нас пазыцыянуе сябе беларускім, проста розная ступень самаідэнтыфікацыі. Цешыць, што і ў нашага «Дынама» ўжо шмат гадоў ёсьць беларускамоўныя старонкі, у тым жа Фэйсбуку — толькі па-беларуску. Прозьвішчы на майках, зноў жа, на роднай мове. Гэта тычыцца і іншых камандаў. Праца ідзе — дзесьці павольна, дзесьці хутка. Гэта добра, бо галоўнае — сам факт. Каб нічога ў гэтым кірунку не рабілася, тады быў бы трывожны сыгнал. А так працэс ёсьць. Здорава, што самі гульцы добра да гэтага ставяцца, бяруць удзел у розных флэшмобах, чытаньнях вершаў і г.д. Зрэшты, ня толькі футбалісты, а і баскетбалісты, хакеісты. Ёсьць вынікі, і гэта цудоўна».

Па фатаздымках, якія Зьміцер Пракапенка выкладвае ў сацсетках, бачна, што ён актыўна кантактуе зь беларускімі спартоўцамі, яны разам ахвотна пазіруюць на фоне пазнавальных нью-ёрскіх адметнасьцяў:

«Так, гэта абавязкова, — усьміхаецца Зьміцер. — Калі хто са спартоўцаў бывае за акіянам, я абавязкова стараюся сустрэцца. І не абавязкова гэта футбалісты — з барацьбы хлопцы, хакеісты, гандбалісты. Мы ж адна вялікая сям’я, я сам у такой вырас! У сваю чаргу, калі прыяжджаю сюды, у Беларусь, заўсёды наведваю самыя розныя спаборніцтвы — бокс, барацьба, баскетбол. Зноў жа, хакей — з задавальненьнем падтрымліваю менскае «Дынама». Таму сябруем, раз-пораз нават рэалізуем нейкія праекты».

Адзін з чарговых праектаў дзеля ўшанаваньня памяці выбітнага футбаліста Аляксандра Пракапенкі мае быць прэзэнтаваны ўжо ў агляднай будучыні:

На фоне бацькавай выявы ў дынамаўскім музэі

«Як я ўжо казаў, гэта будзе кніга, прысьвечаная майму бацьку. Пляную прэзэнтацыю на канец лета ці пачатак восені. Да таго ўвесь час буду ў Менску, бо шмат яшчэ розных мерапрыемстваў — і спартовых, і сацыяльных. Таксама трэба пасьпець, як кажуць, запасьціся інтэлектуальнай прадукцыяй, бо, паўтаруся, маю ў Амэрыцы вялікі кнігазбор. Я сталы наведнік кнігарні «Логвінаў», мяне цікавяць усе навінкі. Думаю, прага да кніжак перадалася ад бабулі».

Адказваючы на пытаньне пра сямейны статус, Зьміцер Пракапенка аджартаваўся, што на гэты момант у пошуку — маўляў, усяму свой час.

svaboda.org

Ваша меркаваньне

Scroll Up