Вы тут
Бабруйск Рэчаіснасць 

У Бабруйску пакажуць нашумелую п’есу пра Францішка Скарыну

Віктар Марціновіч: У кіно Скарыну мог бы сыграць крыху выпіўшы Джоні Дэп

У конкурснай праграме Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя У.І. Дуніна-Марцінкевіча заяўлена 12 пастановак. Мерапрыемства пройдзе ў Бабруйску з 17 па 22 лістапада, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства культуры.

У адпаведнасці з новым фарматам фэсту, рэпертуарная афіша павінна была быць сфармавана зь лепшых спектакляў, якія прайшлі ў бягучым тэатральным сезоне, пастаўленых па творах беларускіх драматургаў. Прэтэндаваць на ўдзел у форуме маглі беларускія і замежныя прафесійныя трупы тэатраў, іншых арганізацый культуры, а таксама калектывы антрэпрызны спектакляў, удзельнікі якіх, з’яўляюцца прафесійнымі творчымі работнікамі тэатра, асобныя выканаўцы.

Фрагмент з п’есы “Кар’ера доктара Рауса”

Па выніках пасяджэння экспертнай камісіі шляхам тайнага галасавання былі вызначаны працы, якія сталі прэтэндэнтамі на званне лепшых у двух конкурсных праграмах. У прыватнасці, у групе «Спектакль тэатра драмы» будзе прадстаўлены Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага (Мінск) з пастаноўкай «Пясняр». Мінскі абласны драматычны тэатр (Маладзечна) прывязе лірычную драму «Карона з кахання», Слонімскі драматычны тэатр – спектакль «Тарас на Парнасе», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (Мінск) – «Сіндром Медэі» і трагікамедыю «Кар’ера доктара Рауса». Гаспадары сцэны – Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча – пакажуць гледачам працу «Кропкі на часавай восі».

У катэгорыі «Эксперымент» заяўлены Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Aрт Карпарэйшн» (Мінск) з праектам «Опіум», Беларускі дзяржаўны тэатр лялек са спектаклем «Ладдзя роспачы». Гродзенскі абласны тэатр лялек прывязе пастаноўку «Камедыя Юдзіфі», а незалежная тэатральная група з Санкт-Пецярбурга «тэатр post» – працу «Поле». Магілёўскі абласны драматычны тэатр пакажа драму «Скарына», Магілёўскі абласны тэатр лялек – галюцынацыю «Сіняя-сіняя».

Прапануем вам інтэрвью з аўтарам адной з самых нашумелых п’ес Беларусі, «Кар’ера доктара Рауса», Віктарам Марціновічам.

Пастаноўка збірае поўныя залы, квіткоў няма нават за тыдзень. У п’есе Скарына паўстае няўдалым кнігавыдаўцом-дармаедам, які ўвесь час трапляе ў трагічныя сітуацыі, але здольвае іх разруліць. Яго прыгоды цесна знітаваныя з сучаснасцю, а жартам у зале пра Скарыну-тунеядца апладзіруюць нават высокія чыноўнікі.

Размаўляем пра кар’еру Скарыны і яго трагікамічнае жыццё з Віктарам Марціновічам.

Віктар Марціновіч

Еўрарадыё: Са школы мы ведаем, што Францішак Скарына – паспяховы, першы кнігадрукар. А ў спектаклі – няўдаха. На вашу думку, ён хто?

Віктар Марціновіч: Ёсць дакладныя дадзеныя, што Гаштольды і Радзівілы яго кніжкі не фінансавалі. Ці гэта прыкмета паспяховасці? Усе паспяховыя і мажныя фінансаваліся магнатамі. Вялікія грошы былі ў магнатаў. А яго авантуру яны не падтрымалі. Ён увесь час быў у дарозе. Што ён рабіў у Кёнігсбергу, чаго яго туды занесла? Калі ён такі паспяховы, то што ён там рабіў? Узнікае шмат пытанняў. Ён жа скончыў садоўнікам…

Еўрарадыё: Але яму шмат удавалася, адседзець у турме ў Польшчы і вярнуцца, уладкавацца садоўнікам да самога караля…

Віктар Марціновіч: Ёсць такі фільм “Чалавек эпохі адраджэння”. Скарына, мне здаецца, быў яскравым чалавекам гэтай эпохі. У той час у Празе не ведалі, што робіцца ў Маскве і ці ёсць наогул Масква. Таму любы чалавек, які прыязджаў з Генуі ў Кёнігсберг, мог казаць усё, што заўгодна. Ягоная паспяховасць, тое, што кнігі з’явіліся, выцякае з яго асаблівых рысаў. Ён дакладна не быў іконай, нейкім мядзяным помнікам. Ён быў вельмі рухавітым чалавекам, такім ён і ёсць у п’есе.

Еўрарадыё: У п’есе ўвесь час узнікае “файны хлопчык у галіфэ”, які ўвесь час перашкаджае Скарыну. Гэта вобраз каго ці чаго?

Віктар Марціновіч: Гэты вобраз увёў у твор рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. Гэта такі зборны вобраз зла, цемпрашальства, якое супрацьстаіць асветніку. У п’есе гэта зло было суб’ектаванае, яно не ўвасаблялася ў адным чалавеку. Такое зло складана перамагчы. Аляксандр Гарцуеў выкарыстаў паўтаральнасць сюжэтаў, каб увесці аднаго персанажа, які ўвасабляе гэтае зло. Але спектакль сканчваецца амаль аптымістычна, зло амаль пераможанае.

Еўрарадыё: Вы б хацелі пражыць жыццё Францыска Скарыны?

Віктар Марціновіч:

Кожны з нас часткова Скарына. Любы, хто тут нешта намагаецца зрабіць, сутыкаецца з гэтымі ж асаблівасцямі беларускай кармы, з гэтым жа невытлумачальным злом. Алексіевіч – Cкарына, Міхалок – Скарына, таму гэта п’еса пра кожнага з нас.

Еўрарадыё: Не баіцеся, што чыноўнікам, якія глядзяць спектакль, не спадабаюцца нейкія жарты, пра дармаедаў, напрыклад?

Віктар Марціновіч: Усе мы ходзім пад Мінкультам. Але мне перадаюць, што чыноўнікі не толькі ходзяць, але і смяюцца. А чалавек, які смяецца, не будзе мець на думцы забараніць. Усё часткова вострае пададзена як жарт. Калі фільмы Захарава з’яўляліся ў СССР, то чаму ў тэатры цяпер не можа ісці “Кар’ера доктара Раўса”.

Фрагмент з п’есы “Кар’ера доктара Рауса”

Еўрарадыё: Кім бы мог быць Скарына ў наш час, можа б тусаваўся на Зыбіцкай, стварыў бы Wargаming?

Віктар Марціновіч: Ён бы стварыў “танкі” і прагараэў бы! Нічога б не атырмалася, бо ён бы іх стварыў у момант, калі яшчэ не было камп’ютараў. Ён проста апярэдзіў свой час. На Зыбіцкай ён бы пачуваўся вельмі няўтульна, бо мецэнаты бы наязджалі, што п’е за іх грошы.

Еўрарадыё: Не думалі над сіквелам Скарына 2.0? Юнацтва…

Віктар Марціновіч: Ніколі не дазваляю сабе думаць пра нейкія працягі. Нават калі быў канкрэтны запыт на працяг “Сфагнума”. Але Скарына 2.0 – гэта крута. Напрыклад, ён вывучыў усходнія адзінаборствы, пасябраваў з Брусам Лі. Скарына ў піянерах, Скарына ў БРСМ. У кіно, калі сур’ёзна, яго мог бы паказаць актор, які яго грае ў тэатры беларускай драматургіі. А калі несур’ёзна, гэта такі Джоні Дэп стомлены, з цыгарэтай, крыху п’яны, які распавядае сваю гісторыю. Можа нават крыху адтыраны пасля сутыкнення з маскоўскімі паліцыянтамі.

Еўрарадыё: У вас ёсць яшчэ дзве п’есы, яны будуць тут пастаўлены?

Віктар Марціновіч: Сапраўды дзве напісаныя і пастаўленыя за мяжой п’есы ў мяне ёсць. Адна з іх, на мой погляд, непрыдатная для пастаноўкі. Яна была напісаная пад пэўны твор у калекцыі Венскага музея гісторыі мастацтва. А другая вельмі ўніверсальная, на 10-15 хвілінаў. Такі монаспектакль, прысвечаны падзеям ва Украіне. Гэта не асобны спектакль, але яна магла б увайсці ў нейкі спектакль да нейкай тэатральнай падзеі.

Еўрарадыё: У вас ёсць кнігі па-руску, па-беларуску, а на якой мове вы думаеце, калі пішаце?

Віктар Марціновіч: Калі пішу, я думаю та той мове, на якой цяпер пішу. Калі я шпацырую ці засынаю… Гэта залежыць ад таго, якую кнігу я цяпер чытаю. Зараз я чытаў Пясецкага “Каханка Вялікай мядзведзіцы”, таму цяпер мне прасцей адказваць і думаць па-беларуску. Вось учора да мяне ў метро падышоў праверыць рэчы ахоўнік, а я не мог падабраць словы па-расійску.

Ваша меркаваньне

Scroll Up