Вы тут
Бабруйск Навіны 

У Светлагорску трое хлопчыкаў уцяклі з дзіцячага садку чыгункай у Жлобін

Увечары 3 студзеня светлагорскую міліцыю паднялі па трывозе. З дзіцячага садка №21 сышлі тры хлопчыкі трох-чатырох гадоў, паведамляе светлагорскі сайт ranak.by.

Пра знікненне сваіх дзяцей бацькі даведаліся, калі пасля працы прыйшлі забіраць іх дадому. У каментары журналістам аператыўны дзяжурны службы міліцыі грамадскай бяспекі Светлагорскага РАУСДзмітрый Ісаенка распавёў падрабязнасці: “Паведамленне ад аднаго з бацькоў аб тым, што прыйшоўшы ў дзіцячы сад па трохгадовага сына, ён не знайшоў дзіцяці, паступіла ў 17:30. Адразу ж паступіла тэлефанаванне ад другога з бацькоў, які распавёў, што ў дашкольнай установе яго жонка таксама не змагла знайсці дзіцяці”.

Хлопчыкаў шукалі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, следча-аператыўнай групы, крымінальнага вышуку, а таксама асабісты склад РАУС.

У 18.11 светлагорскія міліцыянты атрымалі звесткі, што дзяцей знайшлі. У дызель-цягніку, які ішоў да Жлобіна, каля станцыі Мормаль супрацоўнікі міліцыі пабачылі трох хлопчыкаў без суправаджэння дарослых. Яны суправадзілі дзяцей да Жлобіна і даставілі ў лінейны аддзел міліцыі. Жлобінскія міліцыянты даслалі фатаздымкі хлопчыкаў светлагорскім калегам, і бацькі пацвердзілі, што гэта менавіта збеглыя дзеці.

Хлопчыкаў вярнулі са Жлобіна ў той жа вечар.

Цяпер па факце здарэння ідзе праверка, каб высветліць, чаму дзеці змаглі самі сысці з садку.

Крыніца : ЕЎРАРАДЫЁ

Ваша меркаваньне

Scroll Up