Вы тут
Бабруйск Мінулае 

Вандроўка  па ваколіцах Бабруйска: Красны Бераг 

Палацава-паркавы ансамбль у мястэчку Красны Бераг унікальны для Беларусі, тым што вельмі добра захаваўся.


Па словах дасведчаных людзей рэстаўрацыя самаго палаца вядзецца з розумам і без характэрнага для нашага часу аўрала.

На невялікай па памерах тэрыторыі можна заўважыць разнастайнасць архітэктурных стыляў і на некаторы час адпачыць ад безаблічных пабудоў савецкага і постсавецкага перыяду.

Для гэтага дастаткова набыць квіток на цягнік рэгіянальных ліній ад станцыі Бабруйск (Бярэзіна) да станцыі Красны Бераг (на 9 мая 2014 года кошт квітка складаў: 5500 бел.руб). Затым ўздоўж возера рухацца на поўнач.

Возера ў Красным Беразе

Што датычыцца назвы населенага пункта “Красны Бераг”, то гэта назва была яшчэ да зараджэння ідэй марксізму-ленінізму. Сінонімам слова “Красны” з’яўляецца слова “Прыгожы”. Бальшавікі ж зрабілі просты пераклад Красны=Чырвоны, так і паўстала назва “Чырвоны Бераг”.

Рэлаксацыі садзейнічаюць утульныя краявіды ракі Дабасны.

Маёнткі ў мястэчку Красны Бераг існавалі з пачатку ХІХ стагоддзя. У 1815 годзе адным з першых уладальнікаў маёнтка, стаў беларускі памешчык Грыневіч. Род Грыневічаў прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. Пасля падаўлення якого маёнтак Грыневічаў у Красным Беразе перайшой палкоўніку рускай арміі Багародскаму, які ў 1877 годзе (па некаторых звестках у 1867 годзе) прадаў гэты маёнтак (965 дзесяцін зямлі) за 6200 рублёў генерал-лейтэнанту нжынерыі Міхаілу Сямёнавічу Гатоўскаму.

Флюгер эркернай вежы галоўнага фасада будынка

Палац будаваўся з 1890 по 1893 годз, аб чым сведчыць дата, выбітая на флюгеры эркернай вежы галоўнага фасада будынка.

Віктар Аляксандравіч Шротэр

Для будаўніцтва палаца быў запрошаны вядомы архітэктар Віктар Аляксандравіч Шротэр (ням. Alexander Gottlieb Schröter (1839–1901)), расіянін нямецкага паходжання з Санкт-Пецярбурга. Спачатку ён скончыў Санкт-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, затым навучаўся ў Берлінскай акадэміі мастацтваў. Шмат падарожнічаў, вывучаў архітэктуру Германіі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Аўстрыі. На момант пабудовы палаца Шротэр быў ужо даволі вядомым і папулярным архітэктарам.

Галоўны фасад

Яго стыль, так званы цагляны, распаўсюджаны ў рацыянальнай архітэктуры Расіі апошняй трэці ХІХ ст. Просты і практычны сродак аздаблення фасадаў прыйшоў на змену недаўгавечнай тынкоўцы. Пры ўзвядзенні будынка муроўка пакідалася неатынкаванай альбо абліцоўвалася якаснай цэглай, а выкарыстанне паліхромнай цэглы і прыроднага каменя ўзбагачала мастацкія якасці архітэктуры.

Фасад абліцаваны якаснай цэглай

Шротар першым ў Расійскай імперый стаў абліцоўваць фасады без тынкоўкі – абпаленай ў моцным агні цэглай і натуральным каменем.

Утульны закуток

Архітэктура Сядзібнага дома канца ХІХ стагоддзя спалучае архітэктурныя прыёмы дзесяці розных стыляў: ракако, маньерызм, ампір, французскі класіцызм. Тут былі гатычныя, рэнесансныя, раманскія залы і нават памяшканні ў арабскім стылі. Як кажуць знаўцы архітэктуры, вонкава ён аддалена нагадвае некаторыя замкі і палацы Баварыі.

Агарожа з чырвонай цэглы

Тэрыторыя сядзібы абнесена высокай агароджай з чырвонай цэглы.

Арыгінальная арка (брама) збудаваная ў неагатычным стылі

На ўездзе ў сядзібу знаходзіцца арыгінальная арка (брама) збудаваная ў неагатычным стылі з гранёным вежкамі і жалезнымі варотамі.

Англійскі парк у Красным беразе

Побач з палацам быў разбіты “англійскі парк” па праекце знакамітага варшаўскага садавода Францішака Шаніёра, які садова-паркаваму мастацтву вучыўся ў Францыі, а ў Варшаве быў адказны за сад і парк каралеўскага палаца.

Фрагмент брукаванай цэглай дарожкі

Асноўная сетка дарожак і акружны прагулачны маршрут дзеляць парк на некалькі зон: пладовы сад, пейзажны ландшафт, курціны вакол сядзібнага дома і па беразе ракі і г. д. Парк кампактны, прагулачныя маршруты маюць выразны характар кальцавога тыпу аб’ядноўваюць элементы планіроўкі ў адзіны ансамбль.

Сярод дрэваў пераважаюць хвойныя пароды

Сярод дрэваў пераважаюць хвойныя пароды: елкі чырвоная і звычайная змеепадобная, лістоўніца еўрапейская, піхта сібірская, веймутава хвоя. З лісцевых парод дрэваў: ліпы амерыканская буйналістая, еўрапейская, каўказкая, клён вастралісты Шведлера, дуб чырвоны, конскі каштан звычайны.

Так выглядаў палац з боку ракі Добасны ў 1914 годзе

У часы Козел-Паклеўскіх у пакрку знаходзилася купальня (на беразе Дабасны), альтанка, мураваная веранда (аглядальная пляцоўка), кракетная пляцоўка. Можна пабачыць на чорна белым здымку, што датуецца 1914 годам.

Агульная плошча сядзібы складае 8,6 га, з іх 4,2 га – парк.

Парадны ўваход флігеля для праслугі
Від флігеля для праслугі з тылу

Для прыслугі быў пабудаваны асобны флігель.

З шматлікіх гаспадарчых пабудоў на тэрыторыі маёнтка захавалась толькі стайня і бровар.

У 1898 годзе Гатоўскі дорыць маёнтак сваёй дачце Марыі ў якасці пасагу да вяселля. Яе муж Вікенцій Альфонсавіч Козел-Паклеўскі стаў новым ўладальнікам маёнтка.

Радавы герб Козел-Паклеўскіх на галоўным фасадзе

Род Козел-Паклеўскіх дасткова вядомы ў Вялікім княстве Літоўскім. Па адной з версій (на мой погляд больш падобнай на праўду). У 1415 годзе заснавальнік роду Козел выконваў пры вялікім князі Вітаўце дыпламатычныя даручэнні. То бок быў паслом Вялікага князя ў г. Вісліца (Польшча) У далейшым яго нашчадкі займалі самыя высокія дзяржаўныя пасады. Так у 1504 годзе ўзгадваюцца браты Ян і Мікалай Козлы, ложнічыя караля польскага і Вялікага князя Літоўскага Аляксандра

Татэм Козел-Паклеўскіх 🙂

Па іншай версіі (на мой погляд меньш падобнай на праўду) пачынальнікам Козел-Паклеўскіх з’яўляўся нейкі рускі дваранін Пётр Казлоў, які разам з Андрэем Курбским, падчас Лівонскай вайны перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і атрымаў за гэта ад караля Жыгімонта-Аўгуста маёнтак Паклева.

Грозны Козел 😉

Як бы там не было гэтыя выхадцы з беларускага Прыдняпроўя валодалі ўласнасцю ў многіх паветах Вялікага княства. Напачатку ХVІІ стагоддзя ад назвы аднаго з маёнткаў – Паклева – у Ашмянскім павеце яны сталі звацца Казёл-Паклеўскімі.

Адна з галін Козел-Паклеўскіх асела ў Быкаўшчыне (Лепельскі раён), другая – у Сэрвічах, што на Вілейшчыне.

Пазделы Рэчы Паспалітай абедзве сямейныя галіны Козел – Паклеўскіх успрынялі па рознаму. Прадстаўнікі Вілейскай галіны сталі актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1830 – 1831, 1863 – 1864 гадоў.

Вінцэнт Козел-Паклеўскі з Сэрвачы

У студзені 1863 года пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое падтрымала амаль уся шляхта Вялейшчыны. Вялейскі аддзел паўстання ўзначаліў нашчадак старажытнага шляхецкага рода, Вінцэнт Козел-Паклеўскі з Сэрвачы. Ягоны брат, Ян, быў бліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага.

Нягледзячы на тое, што сваякі стаялі па розныя бакі барыкад, першыя Паклеўскія не адракліся ад другіх і дапамагалі ім, калі тых спаслалі за ўдзел у паўстанні.

Фрагмент фасада

Бацька будучага ўладальніка маёнтка у Красным Беразе Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі нарадзіўся ў 1809 годзе ў маёнтку Быкоўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні. Сын Тамаша і Ганны Козел-Паклеўскіх скончыў школу дамініканцаў ва Ушачах і калегіум у Полацку, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Далей ў паслужным спісе — дзяржаўная служба ў Санкт-Пецярбургу, Астрахані, Томскай губерніі. У 1836 годзе ён быў прыняты ў штат генерал-губернатара Заходняй Сібіры, а ў 1843-м Альфонс Козел-Паклеўскі быў прызначаны чыноўнікам па спецыяльных даручэннях пры генерал-губернатары Заходняй Сібіры Гарчакове.

Ляпніна фасада

Паралельна ён пачаў займацца камерцыйнымі справамі. Альфонса Козел – Паклеўска можна назваць “гарэлачным каралём” Сібіры і Урала другой паловы ХІХ стагодзя. Напярэдадні 1917 года ўральскія заводы Козел-Паклеўскіх выраблялі 1/5 частку ўсяго спірту Расіі. Паступова Альфонсу сталі належаць прадпрыемствы па перапрацоўцы жалеза, чыгуну, стэарыну, шкляныя прадпрыемствы, а таксама залатыя, азбеставыя, срэбныя, медныя, жалезныя руднікі, капальні смарагдаў і александрытаў, ён з’яўляўся найбуйнейшым землеўладальнікам Сібіры і заставальнікам параходства на Урале.

Альфонс Фаміч паслужыў пісьменніку Маміну-Сібіраку прататыпам для некаторых герояў: Ляхоўскага ў рамане “Прывалаўскія мільёны” і Майстаброўскага — у рамане “Хлеб”. Апошні паказаны не толькі як буйны камерсант, але і як інтэлігент, арыстакрат, выдатны сем’янін і гуманны чалавек.

У 1850 годзе Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі ажаніўся на дваццацігадовай ліцвінцы Анжаліне Іосіфаўне Рымша. Якая нарадзіла мілянеру пяцярых дзяцей. Старэйшы з іх, Вікенцій, стаў асноўным нашчадкам не толькі багацця паспяховага бацькі-прадпрымальніка, але дзякуючы шлюбу, маёнтка ў Красным Беразе, пра які і ідзе размова.

Вікенцій Альфонсавіч Козел-Паклеўскі

Узначаліўшы справы бацькі пасля яго смерці, Вікенцій не забыўся пра гістарычную радзіму, дзе яму належалі дрожджа-броварны завод у Бабруйску і маслабойны завод у Мінску. Сям’я Вікенція і Марыі Козел-Паклеўскіх жыла ў Санкт-Пецярбургу, а ў Красны Бераг яны прязджалі летам на адпачынак.

Палац у 1914 годзе

Савецкая ўлада не паспела знішчыць сям’ю Вікенція Альфонсавіча Козел-Паклеўскага. У 1919 гадзе яны эмігравалі ў Варшаву. На Паванзонскіх могілках апошні ўладальнік маёнтка у Красным Беразе пахаваны разам з жонкай Марыяй. Адзін з іх сыноў – Альфонс – эміграваў у Англію, яго нашчадкі жывуць цяпер у Ірландыі. А вось польская лінія прамых нашчадкаў Вікенція і Марыі Казел-Поклеўскіх спынілася.

У жніўні 1920 года Народны камісарыят земляробства пастанавіў зрабіць на базе панскага маёнтка Чырвоны Бераг Бабруйскага павета ніжэйшае сельгасвучылішча І ступені, у якое пераехалі вучні з Азарыцкай і Бабруйскай сельскагаспадарчых школ.У сувязі з гэтым быў праведзены бягучы рамонт: у палацы адрамантаваны мармуровы камін, печы, вокны, дзверы, падлога.

Тэрыторя вакол палаца з большага дагледжана

Калі шукаў інфармацыю аб маёнтку Красны Бераг, то знайшоў шмат цікавай інфармацыі, якая будзе цікава, тым хто на свае вочы пажадае ўсё пабачыць:

На стайнях у Козел-Паклеўскіх у 1909 годзе была выведзена ўласная парода канёў. Зараз гэта парода лічыцца адной з лепшых у Польшчы, а ў Беларусі яе не выводзяць.

На бровары ў Красным Беразе вырабляўся спірт крэпасцю ў 80 градусаў.

Адной з адметнасцяў парка з’яўляецца “Сямейная елка”, з аднаго ствала якой растуць дзве верхавіны. У Беларусі ўсяго 6 такіх елак. Унікальнасць гэтага дрэва складаецца ў тым, што калі гіне адна з верхавін, елка гіне цалкам.

Сяляне працавалі на Козел-Паклеўскіх, 5 дзён у тыдзень па 7 гадзін і зараблялі ад 8 да 15 капеек у суткі. У той час за 5 капеек можна было купіць знакаміты пернік Паклеўскага вагай у 1,5 кг, які выпякалі тут жа ці тры разу пакатацца на каруселі. Добрая сялянская хата на сярэднюю сям’ю ў 9 чалавек каштавала 15 рублёў, конь каштаваў 8 рублёў, карова 6 рублёў, каза 2,50 рубля, курыца 1 капейку, гусак 2 капейкі, а баханка хлеба вагай у 2 кг 3 капейкі.

Пасля таго, як сяляне адпрацоўвалі дзень і прыходзілі ў сядзібу, усім, хто старэйшы за 17 год налівалі чарку гарэлкі і давалі баханку хлеба бясплатна.

Ні сам Паклеўскі, ні кіраўнік сядзібай не любілі, калі сяляне кланяліся ім у пояс. Яны казалі, што для прывітання досыць пакласці руку на сэрца і схіліць галаву.

Калі хтосьці з сялян Паклеўскага трапляўся на крадзяжы, злодзею давалі 39 пуг, на сям’ю 40 рублёў і выганялі за межы сваіх валадарстваў.

Вікенцій Козел-Паклеўскі казаў, што ў маладой сям’і павінен быць мінімум: конь, карова і 20 курей. Калі маладая сям’я адпрацоўвала на Поклевского 5 гадоў, то наступныя 5 гадоў жонкі выплачвалі толькі 10 адсоткаў ад той сумы, што была ім прадстаўлена ў дзень вяселля.

Першы раз рабаваць маёнтак спрабавалі мясцовыя сяляне ў 1905, але казакі, якія аператыўна прыбылі з Бабруйскай крэпасці, спробы гэтыя спынілі.

Кароўнікі ў сядзібе былі з аўтаматычным злівам гною.

Рэканструкцыя працягваецца, зараз (вясна 2014 года) даводзяць да ладу галоўны уваход

Працы па рэканструкцыі палаца ў Красным Беразе былі распачаты ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзя, але праца ішла марудна вельмі часта спынялася. У 2003 годзе у Красны Бераг выпадкова завітаў тагачасны старшыня КДК РБ Анатоль Тозік разам з жонкай. Яму вельмі не спадабаўся палац у стане “запусьценьня”. Лёс палацу быў вырашаны, і ўжо хутка аднавіліся актыўныя працы па аднаўленьню былога выгляду палацу.

Ваша меркаваньне

Scroll Up