Вы тут
Бабруйск Рэчаіснасць 

Вызвалены ўсе патрыёты, у тым ліку і бабруйчане

30 чэрвеня на свабоду выйшлі ўсе фігуранты справы «Беларускіх патрыётаў».

Старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што сёньня на працягу дня будуць адпушчаныя ўсе фігуранты справы «Белага легіёну».

Іх, як і шэраг вызваленых раней, усё яшчэ абвінавачваюць у «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня», але справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» была спыненая.

«Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі, — заявіў Наскевіч. — У цяперашні момант мы мяркуем, што падставаў для знаходжаньня пад вартай фігурантаў па справе ня маецца, і мы пасьлядоўна прынялі рашэньне аб зьмене меры стрыманьня. І думаю, што да канца сёньняшняга дня не застанецца ніводнага зь фігурантаў пад вартай. Што тычыцца пэрспэктываў, то я пакуль устрымаюся ад камэнтароў. Сьледзтва пакажа».

З чаго пачалася справа

​Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка падчас размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў кампаніі «Кронаспан» заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Адзін зь лягераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Ўкраіне і ці Літве, ці Польшчы.

У той жа дзень Лукашэнка заявіў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, які «ўзарваў апазыцыйную кляаку», і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі.

За дзень да таго дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць нібы не зьвязаныя адна з адной «страшылкі», якім тут жа знаходзіліся абвяржэньні.

Толькі пасьля заявы Лукашэнкі пра тое, што «баевікі ўжо затрыманыя», пачаліся затрыманьні

Толькі пасьля заявы Лукашэнкі пра тое, што «баевікі ўжо затрыманыя», пачаліся затрыманьні — цягам некалькіх тыдняў стала вядома пра 22 затрыманых, пазьней дзяржаўная прэса паведаміла пра 35. Затрымлівалі як людзей, зьвязаных з колішнім «Белым легіёнам», так і сяброў «Маладога фронту» і чальцоў легальнага бабруйскага спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт».

Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (ч. 3 арт. 293 КК), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (арт. 287 КК).

КДБ і дзяржаўныя СМІ «перагнулі»?

Ад 23 сакавіка КДБ і дзяржаўныя СМІ расказвалі пра «справу патрыётаў» як пра надзвычай сур’ёзную: КДБ сьцьвярджаў, што мае справу «з прафэсійна падрыхтаванымі баевікамі ўзростам ад 25 да 43 гадоў»

Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але ў ліку паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная.

У прапагандысцкім фільме БТ гаварылася пра тэрарызм, экстрэмізм, нават пра фашызм, «Ісламскую дзяржаву», расавую перавагу і свастыкі. Гаварылася, нібыта «Белы Легіён» разглядаў магчымасьць тэрактаў у Маскве, «каб не дапусьціць саюзу Беларусі і Расеі».

Ад тэрарыстаў Беларусь нібы «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.

А падрыхтоўкі, як выявілася, не было.

Сёньня на волю выходзяць апошнія фігуранты справы “Белага легіёну”. У СМІ вядома пра 31 чалавека, якія былі затрыманыя па справе. Агулам яны правялі за кратамі — 1880 дзён.

Агульны спіс вызваленых:

Віктар Мароз – 102 дні

Міраслаў Лазоўскі – 102 дні

Аляксей Абрамаў — 101 дзень

Андрэй Бяляўскі — 67 дзён

Віктар Данілаў — 100 дзён

Андрэй Дундукоў — 101 дзень

Аляксандар Зімніцкі — 93 дні

Іван Кавальчук — 101 дзень

Андрэй Комлік—Ямацін — 101 дзень

Сяргей Кунцэвіч — 90 дзён

Сяргей Кулініч — 41 дзень

Міраслаў Лазоўскі — 102 дні

Віктар Мароз — 102 дні

Мікалай Міхалькоў — 56 дзён

Ян Міхалькоў — 39 дзён

Дзьмітры Новік — 101 дзень

Яўген Палтаржыцкі — 62 дні

Цімур Пашкевіч — 100 дзён

Уладзімер Румянцаў — 100 дзён

Сяргей Стрыбульскі — 99 дзён

Уладзімер Фёдараў — 99 дзён

Аляксандар Яўдаха — 100 дзён

Зміцер Дашкевіч — 11 дзён

Пальчэўскі Сяргей — 20 дзён

Васільеў Раман — 10 дзён

Леўчанка Арцём — 11 дзён

Сяргей Барсток — 10 дзён

Ільля Грэк — 11 дзён

Юры Гурын — 10 дзён

Вячаслаў Дукшт — 11 дзён

Зьміцер Крамянецкі — 10 дзён

Уладзімер Яроменак — 11 дзён

Максім Сьцяпанаў — 10 дзён

 

Сямён Капцэвіч, паводле Радыё Свабода

Ваша меркаваньне

Scroll Up